У дачыненні да ксяндза Вячаслава Барка ў Расонах пачалі адміністрацыйную справу
У дачыненні да пробашча парафіі Святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах (Віцебская вобласць) ксяндза Вячаслава Барка распачаты адміністрацыйны працэс паводле арт. 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
У відэароліку на сваім youtube-канале святар паведаміў, што 1 ліпеня яго выклікалі позвай у Расонскі РАУС. У міліцыі яму сказалі, што працэс вядзе Гарадоцкі РАУС.
„Нібыта я нядаўна, некалькі тыдняў таму, быў у Гарадку, нібыта рабіў там фатаграфіі, якія пасля размясціў на старонках у сацыяльных сетках, — заявіў Барок. — Такога, вядома, у прынцыпе не было — я не памятаю, калі я апошнім разам быў у Гарадку. Мяне цяпер хочуць абвінаваціць у тым, чаго я не рабіў. Я чыста фізічна не мог там быць, я ж не Падрэ Піа, каб мець магчымасць быць у двух месцах адначасова”.
„Сказалі, што гэта быццам бы з-за фатаграфіі, якую я ў свой час размясціў у „Інстаграме”. Там трое прыгожых дзетак-беларусаў у прыгожай вопратцы нацыянальных колераў, са сцягам беларускім — нашым (які калісьці быў дзяржаўным) бел- чырвона-белым, гэта гістарычны наш сцяг, сімвал Хрыста. У гэтым здымку яны ўбачылі нейкую крамолу і цяпер правяраюць”, — адзначыў ён.
Пасля візіту ў Расонскі РАУС святар напісаў у сваім тэлеграм-канале, што яму ўручылі новую позву — на 12.00 4 ліпеня. „Сёння ў дадатак да адміністрацыйнага працэсу даваў тлумачэнні адносна скаргі, напісанай на мяне нейкай жанчынай генеральнаму пракурору, таму што я заблакаваў яе на YouTube”, — паведаміў ксёндз.
Тэлеграм-канал „Хрысціянскай візіі” — рабочай групы па справах рэлігіі Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі — звярнуў увагу на тое, што фатаграфія, якую Барок змясціў у „Інстаграме” 14 чэрвеня, была зробленая не ў Гарадку, а на польска-беларускай мяжы, каля памежнага пераходу „Баброўнікі”, падчас акцыі салідарнасці 12 чэрвеня. У той жа дзень яна была апублікаваная на сайце тэлеканала „Белсат”, у графе з імем аўтара напісана „АШ/Белсат”.
Як паведамлялася, 3 снежня 2020 года суд Расонскага раёна арыштаваў ксяндза Вячаслава Барка на 10 сутак па адміністрацыйным артыкуле аб прапагандзе ці публічнай дэманстрацыі нацысцкай сімволікі. Такім чынам суд адрэагаваў на тое, што святар змясціў у „Інстаграме” выяву плаката „Стоп лукашызм!” Уладзіміра Цэслера. Барок назваў рашэнне суда незаконным, у яго абарону выступіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Барок вядзе блогі на YouTube, у Facebook і Instagram. Апошнім часам ён выказваўся на актуальныя тэмы — пра гвалт з боку міліцыі, прыроду агрэсіі, стаўленне каталіцкай царквы да розных ідэалогій. Яго выклікалі на допыт у Следчы камітэт. Была таксама праведзеная лінгвістычная экспертыза выказванняў у блогу, якая не выявіла нічога, за што святара маглі б прыцягнуць да адказнасці.