У дачыненні да Media-Polesye пачата справа за „шкоду нацыянальным інтарэсам”



У дачыненні да сеткавага выдання Media-Polesye (media-polesye.by) складзены адміністрацыйны пратакол на падставе ч. 3-1 арт. 22.9 КоАП (распаўсюджванне СМІ інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае ў сродках масавай інфармацыі…), паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Паводле інфармацыі грамадскага аб’яднання, заяву ў міліцыю напісала настаўніца Мікашэвіцкай СШ № 2, дзе вучылася кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская.

Паведамляецца, што на Media-Polesye выйшла публікацыя „Настаўнік Ціханоўскай: „Гэта яна за мужам, як за дзекабрыстам пайшла. Не толькі характар, але і любоў сваю праявіла”. Настаўніца Іна Кухарава, імя якой згадвалася ў артыкуле, запатрабавала абвергнуць інфармацыю пра тое, што яна вучыла Ціханоўскую і параўноўвала яе з дзекабрысткай.

„Як высветлілася, карэспандэнт Анатоль Крэйдзіч, апытаўшы многіх людзей на радзіме Святланы Ціханоўскай у Мікашэвічах — настаўнікаў, суседзяў, аднакласнікаў, — цытату, сказаную іншым настаўнікам, памылкова прыпісаў Кухаравай”, — адзначаецца ў паведамленні БАЖ.

Пра паступленне заявы рэдактар сайта Святлана Гарда даведалася па тэлефоне ад супрацоўніка Мікашэвіцкага аддзялення міліцыі. „Звязаўшыся з настаўніцай і высветліўшы патрабаванні заяўніцы, апублікавалі абвяржэнне і ўнеслі праўку ў артыкул аб Ціханоўскай, — распавяла Гарда. — Але гэта не дапамагло. Міліцыя пачала адміністрацыйны працэс супраць уладальніка сайта ТАА „МП компані”.

У БАЖ падкрэслілі, што міліцыянер прыехаў апытваць дырэктара ТАА „МП компані” Максіма Гарду з гатовым аддрукаваным пратаколам.

„Згодна з інкрымінаваным артыкулам (ч. 3-1 арт. 22.9 КоАП „Распаўсюджванне сродкам масавай інфармацыі інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае ў сродках масавай інфармацыі…”), публікацыя ў Media-Polesye нанесла шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, спрыяла нагнятанню сацыяльнай напружанасці ў грамадстве, стварэнню панічных настрояў, вядзе да масавага дезынфармавання насельніцтва і парушае канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай iнфармацыi. Сведкам прызнаны Анатоль Крэйдзіч. Пацярпелых няма”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што Крэйдзіч у штат рэдакцыі прыняты нядаўна, журналіст і рэдактар больш як з 30-гадовым стажам, аўтар шэрагу кніг, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

„Гэта чарговы крок уладаў задушыць незалежны рэсурс, у тым ліку эканамічнымі санкцыямі”, — пракаментавала сітуацыю Святлана Гарда.

У красавіку бягучага года Міністэрства інфармацыі вынесла ўладальніку media-polesye.by пісьмовае папярэджанне аб парушэнні патрабаванняў артыкулаў 4 і 49 закона „Аб сродках масавай інфармацыі”. Папярэджанне вынесенае за публікацыю „Пацвердзіўся тэст на каранавірус у жыхаркі Лунінецкага раёна. Пакуль яна ў Мінску, у мясцовай бальніцы памёр яе муж”, размешчаную на сайце 4 красавіка. „Падчас праверкі, праведзенай сумесна з Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам, высветлена, што ў гэтай публікацыі змяшчалася недакладная інфармацыя пра смерць пацыента, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам”, — гаварылася ў паведамленні Мінінфарма.

У міністэрстве падкрэслілі, што з улікам павышанай увагі насельніцтва да пытання распаўсюджвання віруса COVID-19 публікацыя такой інфармацыі „спрыяе нагнятанню сацыяльнай напружанасці ў грамадстве, стварэнню панічных настрояў, вядзе да масавага дэзынфармавання насельніцтва і парушае канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi”. „Такім чынам, выданне стварыла і распаўсюдзіла фэйк, — заявілі ў ведамстве. — Міністэрства інфармацыі ажыццяўляе штодзённы маніторынг інтэрнэт-рэсурсаў у частцы выканання патрабаванняў закона аб СМІ, у тым ліку на прадмет распаўсюджвання несапраўднай інфармацыі аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне, і лічыць недапушчальным публікацыі неправераных, непраўдзівых звестак”.

Святлана Гарда тады пацвердзіла БАЖ, што такая публікацыя сапраўды выходзіла. Паводле яе слоў, звесткі выданне атрымала з дзвюх крыніц, у тым ліку ад лекара Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы. „Шматлікія званкі галоўурачу і начмеду, каб пацвердзіць інфармацыю, засталіся без адказу. Як і запыт, адпраўлены ў Лунінецкі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Інфармацыя правісела на сайце на працягу 15 хвілін — паступіў званок з міліцыі, паведамілі, што пацыент жывы. Тэкст тут жа аператыўна адкарэктавалі, устараніўшы памылку. Тады ж мы змаглі звязацца з хворай на COVID-19 жанчынай, пра якую таксама ішла гаворка ў артыкуле, і яна дала адкрытае інтэрв’ю, якое ў гэты ж вечар выйшла на сайце з нашымі выбачэннямі сям’і”.

Гарда падкрэсліла, што гэтая сітуацыя адбылася „менавіта па прычыне адсутнасці афіцыйных крыніц інфармацыі”.

Па рашэнні суда Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці рэдакцыя ў ліпені выплаціла штраф у 120 базавых велічынь (3.240 рублёў).

belapan.by