У дачыненні да Мікалая Дзядка пачаты шэраг крымінальных спраў
Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Менску пачало ў дачыненні да зняволенага блогера, журналіста і актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка шэраг крымінальных спраў.
Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, падчас расследавання следчыя ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС атрымалі доказы аб дачыненні ўдзельніка анархісцкага руху Мікалая Дзядка да здзяйснення шэрагу злачынстваў, у тым ліку прадугледжанага арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса.
Згодна з матэрыяламі справы, паведамляе СК, Дзядок на працягу некалькіх гадоў адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал „Мiкоlа”. „У сапраўдны момант ужо атрыманыя доказы, якія сведчаць аб здзяйсненні фігурантам дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Названыя дзеянні ўчыняліся з выкарыстаннем кіраванага ім тэлеграм-канала. У сувязі з гэтым распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Адзначаецца, што згаданы тэлеграм-канал публікаваў заклікі да ўдзелу ў масавых беспарадках, асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў праваахоўных органаў, заклікі да пагроз, гвалту і абразы супрацоўнікаў міліцыі, журналістаў і дзяржаўных служачых.
У СК нагадалі, што пры затрыманні Дзядка ў лістападзе 2020 года на здымнай кватэры ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, дзе ён „доўгі час хаваўся ад праваахоўных органаў”, быў праведзены вобшук. Выяўленыя і канфіскаваныя шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, якія „згодна з заключэннем эксперта з`яўляюцца прадметамі, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў”, падкрэслілі ў камітэце. „У дачыненні да М.Дзядка распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, — паведаміў СК.
Ужытая да абвінавачанага раней мера стрымання ў выглядзе зняволення не змянялася. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца. Праваахоўнікі праводзяць следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўсталяванне іншых асоб, якія маюць дачыненне да арганізацыі масавых беспарадкаў на тэрыторыі сталіцы, паведамляе СК.
Раней, нагадаем, бацька анархіста Аляксандр Дзядок заяўляў, што пры затрыманні 12 лістапада актывіст быў моцна збіты, а на допытах яго катавалі з выкарыстаннем слезацечнага газу. Заява пра катаванні была перададзеная ў Следчы камітэт.
24 лістапада стала вядома, што Дзядку выстаўленае абвінавачванне на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International 24 снежня звярнулася да беларускіх уладаў з патрабаваннем прыняць неадкладныя меры па праверцы інфармацыі пра пагрозы жыццю і здароўю арыштаванага Дзядка. Акрамя гэтага, арганізацыя патрабуе расследаваць парушэнне яго права на доступ да абаронцы, а таксама на атрыманне і адпраўку карэспандэнцыі.
Мікалай Дзядок — былы палітзняволены. Ён быў узяты пад варту ў верасні 2010 года, а ў маі 2011-га — прыгавораны да чатырох з паловай гадоў зняволення на падставе ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства). У віну анархісту ставіліся шэраг нападаў на будынкі і падпалы, правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі ля будынка Мінабароны ў 2009 годзе, закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі пасольства РФ у Мінску і будынка турмы ў 1-м завулку Акрэсціна.
У лістападзе 2014 года ў дачыненні да Дзядка адкрылі яшчэ адну крымінальную справу — паводле арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і працягнулі зняволенне на год.