У дачыненні да непаўнагадовага Мікіты Залатарова пачалі новую крымінальную справу
Непаўнагадовага палітвязня Мікіту Залатарова абвінавачваюць у гвалце над супрацоўнікам органаў унутраных спраў, паведамляе тэлеграм-канал пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтру „Вясна”.
Адзначаецца, што новая крымінальная справа ўжо накіраваная пракурору для перадачы ў суд.
У дачыненні да падлетка, які ўжо адбывае пакаранне, распачалі яшчэ адну справу за гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Па версіі следства, Залатароў паставіў падножку старшаму дзяжурнаму гомельскага СІЗА, у выніку чаго той упаў. Па гэтым артыкуле юнаку пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі, адзначаюць праваабаронцы. Падчас аднаго са спатканняў з бацькам Мікіта паведаміў яму, што ў турме яго білі і пагражалі са словамі: «Ты палітычны, здохнеш», – піша «Вясна».
22 лютага 17-гадовага Мікіту Залатарова прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. Юнака абвінавацілі ў тым, што ён кінуў «кактэйль Молатава» пад ногі двум амапаўцам, і ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Фота: svaboda.org