У дачыненні да Паўла Севярынца складзены адміністрацыйны пратакол



У дачыненні да сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца складзены адміністрацыйны пратакол за тое, што ён 26 красавіка ў Менску падчас традыцыйнага „Чарнобыльскага шляху” заклікаў да правядзення акцыі „Астравецкі шлях”.

Аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху — 2018” плануе 26-га чысла кожнага месяца аж да лістапада праводзіць антыядзерныя акцыі ў гарадах, якія размешчаны паміж Менскам і Астраўцом (Гарадзенская вобласць): Заслаўі, Радашковічах, Маладзечне, Вілейцы, Смаргоні, Ашмянах. Завяршыцца гэта серыя акцый павінна 26 лістапада ў Астраўцы.

Як паведаміў БелаПАН палітык, пратакол складзены па арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення ці арганізацыі масавага мерапрыемства). „Я сёння тэлефанаваў ў Савецкае РУУС Менска, адкуль прыйшла позва. Растлумачыў, што мы падаем заяўкі на правядзенне акцыі, у прыватнасці яна ўжо пададзеная ў Заслаўі. Але ўсё роўна мне даказвалі, што я заклікаў да правядзення несанкцыянаванай акцыі”, — сказаў ён.

„Мы будзем падаваць заяўкі на правядзенне кожнай акцыі. Будзем праводзіць, калі ўлады іх дазволяць. Калі будуць забароны — тады падумаем пра іншыя фарматы працы ў гэтых гарадах — абмеркаванні, круглыя сталы”, — падкрэсліў сустаршыня аргкамітэта БХД.

Дата суда над Севярынцам пакуль не прызначаная.

У аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху” ў гэтым годзе ўвайшлі прадстаўнікі Беларускай партыі „Зялёныя”, руху „За Свабоду”, руху салідарнасці „Разам”, Аб`яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

belapan.by