У дачыненні да Паўла Вінаградава пачалі крымінальную справу за абразу прэзідэнта



 У дачыненні да актывіста і вядучага тэлеканала „Белсат” Паўла Вінаградава пачалі справу па артыкуле 367 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса, паведаміла ў „Фэйсбуку” яго жонка Святлана Вінаградава.

„Патэлефанаваў следчы, — напісала яна. — У дачыненні да Паўла Вінаградава распачатая справа па ч. 1 арт. 367 КК. За той самы пост у ФБ ад 8 траўня. Як я разумею, ён пакуль у статусе падазраванага”.

Вінаградаў, які жыве ў Беразіне (Менская вобласць) быў затрыманы ўвечары 5 ліпеня. Перад гэтым супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да яго дадому для „агляду памяшкання”.

„Затрыманы за пост у ФБ ад 8 траўня, — напісала тады ў „Фэйсбуку” яго жонка. — Там, на думку міліцыі, утрымліваецца заклік да выхаду на акцыю. Заўтра суд, канфіскавалі тэхніку, налепку „Пагоня”, якую нейкія ліхадзеі павесілі на нашу паштовую скрыню, і таблічку з нумарам дома ў БЧБ-тонах”.

7 ліпеня суд Бярэзінскага раёна на выязным пасяджэнні ў Бярэзінскім РАУС пастанавіў арыштаваць Вінаградава на 15 сутак па ч. 2 арт. 24.23 КоАП (заклік да масавага мерапрыемства з парушэннем парадку яго арганізацыі або правядзення). У дзень суда жонцы Вінаградава паведамілі, што канфіскаваная таблічка з нумарам дома адпраўленая на экспертызу і па яе выніках у дачыненні да Паўла можа быць пачаты новы адміністрацыйны працэс.

20 ліпеня ён атрымаў яшчэ 30 сутак арышту па ч. 3 арт. 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, здзейсненае паўторна на працягу года).

Вінаградава мяркуе, што яе мужа судзілі за канфіскаваную шыльду з нумарам дома і назвай вуліцы, на якой была налепка з гербам „Пагоня”.

Вінаградаў быў арыштаваны пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. 14 верасня 2011 года ён выйшаў на волю на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні, за ім быў прызначаны прэвентыўны нагляд на тры з паловай гады. Некалькі гадоў таму Вінаградаў пераехаў з Менска ў Беразіно, дзе жыве з жонкай і малым дзіцем.

belapan.by