У дачыненні да Вячаслава Касінерава пачалі крымінальную справу



Адміністрацыйна арыштаванаму экс-фігуранту «справы графіцістаў» Вячаславу Касінераву прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса – хуліганства. Справа ўзбуджаная Следчым камітэтам Маскоўскага раёна Менска.

Абраная мера стрымання — узяцце пад варту. Зараз Касінерава этапіравалі у следчы ізалятар №1 на вул. Валадарскага.

Нагадаем, учора Вячаслаў Касінераў павінен быць вызвалены пасля адбыцця 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску 17 лютага.

Супрацоўнікі міліцыі сцвярджалі  што Касінераў з анархістамі з групы «Чорная ружа» 12 сакавіка правёў дзёрзкую акцыю «супраць міліцэйскага бязмежжа». Каля цэнтральнага будынку Міністэрства ўнутраных спраў актывісты накінулі пятлю на шыю помніку паліцэйскаму гарадавому, які нядаўна там узвялі.

Раней паведамлялася, што Касінерава папярэджвалі аб тым, што супраць яго можа быць узбуджаная крымінальная справа.

У выпадку асуджэння Касінераву пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў.

Вясна