У дакументах цяпер напісана не “ліквідатары аварыі”, а “пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС”



У Беларусі апошнія дні многія карыстальнікі сацыяльных сетак параўноўваюць паводзіны савецкіх уладаў падчас катастрофы на ЧАЭС з рэакцыяй цяперашняга кіраўніцтва Беларусі на пандэмію каронавірусу. У абодвух выпадках паводзіны ўладаў маюць падобныя рысы: адмаўленне сур’ёзнасці праблемы і недастатковае інфармаванне грамадства. Калі цяпер на перадавой змагання з каронавірусам апынуліся лекары, то вясной 1986 году рызыкавалі сваім здароўем і жыццямі ліквідатары.

Жыхары Рэчыцы Васіль Гулай і Уладзімір Кошчанка ў першыя тыдні пасля аварыі на ЧАЭС працавалі над узвядзеннем падмурку для абарончага “Саркафагу” над 4-м энергаблокам.   

– Калі мне стала кепска, то яны напісалі мне паперу ў менскі інстытут, там абследавалі, паклалі туды. Мне яшчэ пашанцавала, што я трапіў у адну палату з верталётчыкам. Яны кідалі мяхі, у мяхі насыпалі пясок, гліну і свінец. І з верталётаў гэта кідалі ў рэактар. Менавіта гэтыя беларускія верталётчыкі і кідалі. Яны моцна пацярпелі. У іх былі вялікія праблемы. Яны кепска хадзілі.  У аднаго цалкам да пояса былі чорныя ногі. Ён хадзіў на мыліцах. Другі хадзіў з палачкай. У яго да каленяў былі чорныя ногі. У мяне не было такога. Але мяне паклалі ў адну палату з верталётчыкам. І навуковы супрацоўнік кажа: ну, будзем лячыць. Абследавалі, дыягназы паставілі. Гуманітарная дапамога была, моцныя лекі з ЗША. І мяне таксама імі лячылі.

У Беларусі налічваецца каля 110 тысячаў ліквідатараў. Аднак з 1 студзеня 2013 года ім замянілі пасведчанні. У дакументах цяпер напісана не “ліквідатары аварыі”, а “пацяпелыя ад аварыі на ЧАЭС”.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя