У дапамогу лекарам накіраваныя больш як 2,5 тысячы студэнтаў-медыкаў



У дапамогу лекарам у паліклінікі і бальніцы накіравана больш за 2,5 тысячы студэнтаў старэйшых курсаў медыцынскіх ВНУ, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Адпаведны загад падпісаны ў Міністэрстве аховы здароўя 6 лістапада.

У Міністэрстве сцвярджаюць, што гэта традыцыйная практыка медуніверсітэтаў. „Увосень ці вясной, з улікам пагаршэння санітарна-эпідэміялагічнага становішча, студэнты старэйшых курсаў, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях „Лячэбная справа”, „Педыятрыя”, „Медыка-псіхалагічная справа”, накіроўваюцца ў арганізацыі аховы здароўя для ўдзелу ў аказанні меддапамогі насельніцтву”, — гаворыцца ў паведамленні.

У Міністэрстве аховы здароўя нагадалі, што вясной студэнтаў старэйшых курсаў і інтэрнаў ужо прыцягвалі да барацьбы з COVID-19.

Тэрміны прыцягнення студэнтаў да ўдзелу ў аказанні меддапамогі будуць вызначаныя ў кожным універсітэце ў залежнасці ад існуючага санітарна-эпідэміялагічнага становішча ў рэгіёне.

Кіраўніцтву ўніверсітэтаў даручана забяспечыць умовы для самастойнага засваення студэнтамі прапушчанага зместу адукацыйных праграм. Гаворка ідзе пра тое, што тэмы курсаў, якія засталіся да сесіі, студэнты павінны засвоіць самастойна, у вольны ад працы час, дадалі ў Міністэрстве аховы здароўя.

„Для падрыхтоўкі студэнтаў да працы з COVID-19 ва ўсіх універсітэтах арганізаваныя часовыя сімуляцыйныя цэнтры імітацыі „чырвонай зоны”. Гэтыя цэнтры неабходныя для адпрацоўкі студэнтамі навыкаў аказання дапамогі пацыентам з COVID-19, у тым ліку для навучання студэнтаў правільнаму ўжыванню сродкаў індывідуальнай абароны”, — распавялі ў міністэрстве.

На перыяд удзелу ў аказанні меддапамогі з усімі студэнтамі, дапушчанымі да гэтай працы, павінны быць заключаныя працоўныя дамовы, падкрэсліваецца ў паведамленні. Гаворка ідзе пра тое, што студэнтам даюць права працаваць на пасадах медработнікаў, якія адпавядаюць узроўню іх тэарэтычнай падрыхтоўкі і практычных навыкаў. Аплата павінна быць паводле пасады, уключаючы надбаўку за працу ва ўмовах, звязаных з COVID-19.

У Міністэрстве аховы здароўя адзначылі, што кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя сумесна з рэктарамі медуніверсітэтаў абавязаныя прыняць меры па забеспячэнні студэнтаў, дапушчаных да аказання меддапамогі насельніцтву, неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны.

Дапамога практычнай ахове здароўя з боку студэнтаў будзе залічаная як вытворчая практыка, а таксама ўлічаная пры размеркаванні выпускнікоў на працоўныя месцы і студэнтаў 5-х курсаў у субардынатуру, дадалі ў Міністэрстве аховы здароўя.

На 15 лістапада ў Беларусі зноў зафіксаваны рэкордны сутачны прырост колькасці хворых. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі на раніцу нядзелі дасягнула 114.185 (+1.315 за апошнія суткі), памерла 1.046 (+7) чалавек.

БелаПАН