У ДНР палонным інкрымінуюць „расстрэльныя” артыкулы



У непрызнанай ДНР украінскім ваеннапалонным пагражае растрэл. Пра гэта афіцыйна паведаміла Дар’я Марозава, якая саманазываецца “упаўнаважаным па правах чалавека Данецкай народнай рэспублікі”.

У непрызнанай ДНР дзейнічае ўласны Крымінальны кодэкс, які практычна капіюе Крымінальны кодэкс УССР 1961 года, дзе расстрэл і з’язляецца вышэйшай мерай пакарання. Паводле гэтага кодэксу, украінскім вайскоўцам, якія трапілі ў палон падчас баёў, інкрымінуецца “ўдзел у тэрарыстычных фармаваннях”, то бок Узброеных сілах Украіны і дабраахвотных батальёнах, а таксама “забойства грамадзянаў ДНР”, то бок узброеных сепаратыстаў. Згодна Крымінальнага кодэксу ДНР, усё гэта падпадае пад расстрэльныя артыкулы.

Крымінальныя справы, заведзеныя супраць вайсковапалонных у самаагалошанай ДНР, грунтуюцца выключна на абвінавачваннях пракуратуры і не прадугледжваюць ані адвакацкай дапамогі, ані апытання сведкаў абароны.

Усяго ў палоне сепаратыстаў знаходзіцца 133 чалавекі, сярод каторых і вайскоўцы Узброеных сіл Украіны, і байцы добраахвотных батальёнаў, сярод каторых, згодна шматлікіх інфармацый, ёсць і беларускія дарбаахвотнікі.

У Кіеве напалягаюць, што ў разе расстрэлаў палонных у самаагалошанай ДНР на Менскіх пагадненнях можна будзе канчаткова паставіць крыж.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя