У ДТЗ на МКАД два чалавекі загінулі, тры – траўмаваныя



Два чалавекі загінулі, тры — траўмаваныя ў дарожна-транспартным здарэнні раніцай 1 лютага на МКАД з удзелам пяці аўтамабіляў, паведамляе прэс-служба МНС. 

Інфармацыя пра аварыю паступіла ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення Менскага гарадскога ўпраўлення МНС ад відавочцаў у 7.15. 

Пасля прыбыцця да месца выкліку, на 10-ты км унутранага кальца МКАД, ратавальнікі высветлілі, што здарылася сутыкненне грузавога аўтамабіля „Сканія Р-114”, якім кіраваў вадзіцель 1971 года нараджэння, з франтальным пагрузчыкам „Шантуі СЛ-30” пад кіраваннем вадзіцеля 1990 года нараджэння. 

Пагрузчык ад удару пераехаў на вонкавае кальцо дарогі, дзе сутыкнуўся з трыма легкавымі аўтамабілямі: „Маздай-Прэмасі”, „Опелем-Мерывай” і „Сітраенам З-4 Пікаса”. 

Вадзіцелі „Опеля-Мерывы” (1958 года нараджэння) і „Сітраена С-4 Пікаса” (1977 года нараджэння) самастойна выйшлі з аўтамабіляў і з траўмамі рознай ступені цяжару былі шпіталізаваныя. 

Работнікі МНС з дапамогай спецабсталявання вынялі з аўтамабіля „Мазда-Прэмасі” мужчыну 1992 года нараджэння. З траўмамі рознай ступені цяжару яго даставілі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. З гэтага ж аўтамабіля таксама былі вынятыя целы двух загінулых — вадзіцеля 1964 года нараджэння і яго жонкі 1966 года нараджэння. 

Разбор па факце дарожна-транспартнага здарэння праводзіць УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

belapan.by