У ДТЗ пад Воршай згарэла пасажырка аўтамабіля
У ДТЗ пад Воршай згарэла пасажырка аднаго з аўтамабіляў, паведамляе ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама.
Аварыя здарылася 1 жніўня ў 9.11. З боку Магілёва па трасе М8 рухаўся аўтамабіль Toyota Land Cruiser, якім кіраваў жыхар Бабруйска 1976 года нараджэння. У раёне 175-га км дарогі грузавая „Газель”, якая належыць магілёўскай гандлёвай арганізацыі, раптам пачала разварочвацца на трасе. Відэарэгістратар Toyota зафіксаваў момант аварыі — калі машына стала перпендыкулярна праезнай частцы, у раён паліўнага бака ўрэзаўся аўтамабіль Toyota.
Абедзве машыны загарэліся.
Вадзіцель „Газелі” і адна пасажырка з апёкамі цела рознай ступені цяжару былі дастаўленыя ў аршанскую бальніцу, другая жанчына згарэла на месцы. Кіроўца і два пасажыры легкавога аўтамабіля не пацярпелі.