У “Дукорскім маёнтку” адрадзілі вытворчасць самагону



У турыстычным комплексе “Дукорскі маёнтак” адрадзілі вытворчасць самагону па старажытных тэхналогіях. У гэтай вінакурні моцны напой гоніцца абсалютна легальна. Самагон тут робяць метадам двайной перагонкі, і ён атрымліваецца ў 43-45 градусаў. Карэспандэнта агенцтва “БелаПАН” з тэхналагічным працэсам пазнаёміў майстар Мікалай Глузд:

– Я даводжу яго да 43-45 градусаў. Але першы самагон ідзе ў 70-80 градусаў. Тут двайная перагонка. Выкарыстоўваю для гэтага два самагонныя апараты – так хутчэй. На Берасцейшчыне ў лясах заўсёды карысталіся адным, магчыма, і цяпер так. У Берасці я і засвоіў тэхналогію вытворчасці самагону. Чаму самагон у 43-45 градусаў? Бо тады мякчэйшы. Ды і раней рабілі самагон з большым градусам, чым 40.

Абсталяванне і матэрыялы для вытворчасці самагону ў комплексе «Дукорскі маёнтак» – натуральныя дубовыя бочкі і медныя трубы. Гэты палацава-паркавы комплекс месціцца прыкладна на 30-ым кіламетры трасы Менск-Гомель. Яго адкрыццё адбылося толькі ў мінулым годзе. Многія лічаць, што ён стане канкурэнтам знакамітым «Дудуткам».

Паводле БелаПАН

Фота: скрыншот з відэа БелаПАН