У дзень свайго юбілею арцыбіскуп Кандрусевіч цэлебраваў імшу ў менскай архікатэдры



Кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы Тадэвуш Кандрусевіч 3 студзеня адзначыў сваё 75-годдзе.

Сайт cothotic.by піша, што святкаванне юбілею пераносіцца на пазнейшы час і публікуе зварот мітрапаліта да вернікаў:

„Ад усяго сэрца дзякую за малітвы ў інтэнцыі майго вяртання на Радзіму, што сталася фактам у вігілію Нараджэння Хрыста. Час няўмольна ідзе наперад, і 3 студзеня 2021 года, калі Бог дазволіць, буду адзначаць юбілей 75-годдзя. Знаходзячыся за мяжой чатыры месяцы і не будучы ўпэўнены ў тым, калі вярнуся, загадзя не планаваў адмысловых урачыстасцяў. Свае карэктывы ў арганізацыю і правядзенне рэлігійных мерапрыемстваў уносіць таксама і пандэмія каронавірусу”, — тлумачыць Кандрусевіч.

Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь на каталіцкія Каляды — пасля чатырохмесяцавага перапынку. 31-га жніўня пасля вяртання з рабочай паездкі ў Польшчу яго не пусцілі на радзіму памежнікі.

Арцыбіскуп неаднаразова выступаў супраць гвалту з боку ўладаў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і заклікаў абодва бакі да мірнага ўрэгулявання грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі. 

На пачатку лістапада Лукашэнка назваў прычыну выгнання Кандрусевіча: маўляў, кіраўнік беларускіх католікаў ездзіць у Польшчу „атрымліваць кансультацыі, як разбураць нашу краіну”. Аднак 23-га снежня стала вядома, што па даручэнні Лукашэнкі, які атрымаў ліст ад Папы Рымскага, улады знайшлі „рашэнне сітуацыі” і дазволілі арцыбіскупу вярнуцца дадому. 

Дарэчы, у снежні таксама стала вядома, што пасля юбілею мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч збіраецца пайсці ў адстаўку. 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: catholic.by