У Дзень Волі на Піншчыне ўшанавалі памяць Рамана Скірмунта



На Піншчыне ў Дзень Волі наведванне магілы прэм’ер-міністра БНР Рамана Скірмунта адбылося ў суправаджэнні трох машын міліцыі і двух экіпажаў ДАІ. Ад самога Пінска і да вёскі Парэчча, дзе знаходзіцца пахаванне, за аўтамабілем мясцовых актывістаў сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” сачылі сілавікі. На месцы міліцыянты запісалі асабістыя дадзеныя ўдзельнікаў і з’ехалі.

“Галоўнае, што атрымалася ўшанаваць памяць слыннага беларуса”, – гаворыць старшыня пінскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова:

– 25 сакавіка ў Дзень Волі было вырашана правесці традыцыйнае мерапрыемства – наведванне і прыборка магілы Рамана Скірмунта, прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі. Група актыўных грамадзянаў выехала на месца, правялі прыборку, ушанавалі памяць гэтага важна чалавека для гісторыі беларусаў. На сённяшні дзень гэта, бадай, быў адзіны магчымы фармат святкавання сакральнага дня для нашай гісторыі.

Суразмоўца не выключае таго, што міліцыянты могуць кваліфікаваць наведванне магілы прэм’ера БНР, як нейкую несанкцыянаваную акцыю і распачаць адміністратыўны працэс. Але спадзяецца, што ўсё ж да такога не дойдзе.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з фэйсбука Веранікі Івановай