У дзяржавы стаіць выбар паміж эканамічнымі стратамі і чалавечымі?



Андрэй Дзмітрыеў, адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» распавёў, чаму ён выступае за ўвядзенне каранціну ў краіне.

За два дні кампанія «Гавары праўду» сабрала 15 тысяч подпісаў за ўвядзенне ў Беларусі каранціну. Подпісы ўжо перададзены ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Андрэй Дзмітрыеў: Каранцін ужыло ўжо мноства краін, і гэта дазваляе замарудзіць распаўсюд эпідэміі. Трэба разумець, што гэта не пра тое, каб ніхто не захварэў, а пра тое, каб сістэма Міністэрства аховы здароўя справілася пры захворваннях, каб людзям маглі аказаць дапамогу. Таму трэба замарудзіць распаўсюд каронавіруса.

Другое – каранцін дазволіць людзям заставацца дома, забраць дзяцей са школ. Гэта часовая мера. Яна не вельмі папулярная, непрыемная, дарагая, але ж размова ідзе пра больш важнае пытанне – здароўе і жыццё людзей. Мы лічым, што на такую меру варта пайсці.

Мне падаецца, што гэта павялічыць і ў самім грамадстве большае асэнсаванне праблемы. Людзі будуць больш уважліва сачыць за сабой і паважліва ставіцца да іншых з разуменнем, што зараз – небяспечны перыяд. І гэты перыяд мы павінны пражыць з мінімальнымі стратамі. У дзяржавы стаіць выбар паміж эканамічнымі стратамі і чалавечымі? То не трэба думаць, трэба ахвяраваць эканомікай.

РР: Чаму ўлады так упарта не хочуць уводзіць каранцін?

Андрэй Дзмітрыеў: Мне падаецца, што яны з аднаго боку ўсё-такі баяцца эканамічных наступстваў, а з іншага вераць, што ўсё пройдзе бокам само па сабе. Маўляў, у нас пакуль толькі 36 чалавек захварэлі на каронавірус, таму няма нагоды для хваляванняў.

Гэта звычайны прыём беларускіх прапагандыстаў, калі людзям кажуць: «У нас усё добра і стабільна». Гэта іх разуменне таго, што яны называюць стабільнасцю. Але ў людзей разуменне таго, што адбываецца, іншае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя