У Дзятлаве адкрыўся “Запалкавы цуд”



У Дзятлаўскім краязнаўчым музеі ўпершыню адкрылася арыгінальная выстава запалак пад агульнай назвай “Запалкавы цуд”. Выстава запалак арганізавана, дзякуючы пісьменніку і калекцыянеру са Слоніма Сяргею Чыгрыну. Гэта яго вялікая калекцыя запалак з усяго свету і лягла ў аснову выставы “Запалкавы цуд”, якая ў Дзятлаўскім музеі будзе дзейнічаць да канца красавіка. З ёю з захапленнем пазнаёмяцца дзятлаўчане і госці Дзятлава.

Падчас адкрыцця выставы супрацоўнікі музея пазнаёмілі прысутных з гісторыяй запалак, а супрацоўнік Дзятлаўскага МНС Дзмітрый Бобін раскавёў пра тое, як карыстацца запалкамі, як сябе паводзіць у розных небяспечных жыццёвых сітуацыях, як выклікаць на дапамогу супрацоўнікаў МНС .

Сяргей Чыгрын цікава распавёў пра розныя гісторыі з запалкамі, як яны траплялі да яго ў калекцыю, дзе выпускаліся і калі. Дарэчы, на выставе прысутныя ўбачылі беларускія запалкі 1920-х-1940-х гадоў, запалкі падчас вайны, пасляваенныя запалкі і сучасныя, якія выпускаюцца ў Пінску і ў Барысаве, а таксама менскай фірмай “Каралева агню”.

На выставе шмат розных набораў запалак на самыя розныя тэмы, прысутныя ўбачылі запалкі з Англіі, Кітая, Венгрыі, Чэхіі, Польшчы, Расеі, Украіны, Латвіі і іншых краін свету.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава

Фота аўтара