У Екацерынбургу з’явіліся графіці ў падтрымку Алега Сянцова
У цэнтры расейскага гораду Екацерынбург 11 ліпеня з’явіліся графіці ў падтрымку ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, які працягвае галадоўку ў ямальскай калоніі. Расейская ўлада ўпарта называе Сянцова сваім грамадзянінам.
Як паведаміла Ура.Ru, графіці з’явіліся ў розных месцах уральскай сталіцы, у тым ліку ў цэнтры гораду – на плошчы Працы. Выява мае рэмарку „Когда запретили все митинги…”.
Графіці таксама з’явіліся на „чырвонай лініі” (пешаходны турыстычны маршрут у Екацерынбургу для самастойных экскурсій па гістарычным цэнтры гораду) і побач з сімвалам чэмпіянату свету па футболе Забівакам.
Рэжысёр быў прыгавораны ў Расейскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта. Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 года рэжысёр абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў. Алег Сянцоў адмовіўся прасіць Пуціна пра памілаванне. Пра гэта 22 чэрвеня паведаміў адвакат палітычнага зняволенага Дзмітрый Дынзе. Рэжысёр працягвае лічыць сябе ўкраінскім грамадзянінам. Беларускае Радыё Рацыя