У Елцы запалілі паходні і ялінку
У вёсцы Елка Зэльвенскага раёна (СКВ „Сынковічы”) вечарам 7 снежня ўпершыню на Гарадзеншчыне адбылося абласное свята ”Запрашаем на ёлку ў Елку”. На свяце навагодняя ялінка, адна з першых на Гарадзеншчыне, заззяла рознакаляровымі агеньчыкамі. Гэтую святочную місію распачала сям’я Марозавых з Гародні, а таксама Дзед Мароз і Снягурка. Пасля ялінкі ў Елцы заззяюць навагоднія ёлкі па ўсёй Гарадзеншчыне і Беларусі.
На свята ў Елку сабралася сотні людзей з многіх гарадоў і вёсак Гарадзеншчыны. Асабліва ўсіх уразіла шэсце з паходнямі, а таксама Дзедаў Марозаў і Снягурак. Пачынаючы з 16-ці гадзін, у аграгарадку Елка працавалі розныя гандлёвыя рады, выстава навагодніх цацак, конкурсы выпечак і кандытарскіх вырабаў. Убачылі прысутныя відэавіншаванне Дзеда Мароза з Белавежскай пушчы, конкурс-дэфіле касцюмаў ялінак “Навагодняя краса”. Усе жадаючыя вяскоўцы прынялі ўдзел у конкурсе на лепшае навагодняе ўпрыгожванне двароў.
Увесь вечар у Елцы працавалі навагодняя пошта, выстава ялінак, фотазона і вядома ж святочны канцэрт “Гары агеньчыкамі, ялінка!”. Падобнае мерапрыемства ў Елцы стане традыцыйным на Гарадзеншчыне.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён
Фота аўтара