У „Еўраопце” Алеся Пушкіна аблаялі і пагражалі збіццём за беларускую мову



У мастака Алеся Пушкіна адбыўся канфлікт з супрацоўнікам адной з крамаў сеткі „Еўраопт”, якая знаходзіцца ў горадзе Крупкі. Прычынай стала беларуская мова, на якой Пушкін звярнуўся да супрацоўніка Паўла Чыркова з просьбой пра дапамогу ў пошуку кавы. На гэта той адказаў, што ён расеец і беларускую мову ведаць не абавязаны, аблаяў мастака і схаваўся ў падсобным памяшканні. Выклікаўшы падмогу ў выглядзе некалькіх супрацоўнікаў ён пачаў правакаваць пакупніка перад камерамі на супрацьпраўныя дзеянні, мацюкацца і пагражаць збіццём. Праз некалькі гадзін Чыркоў напісаў заяву ў міліцыю і да Пушкіна па тлумачэнні прыехаў участковы. 

Мастак напісаў заяву ў пракуратуру Крупскага раёна:

„Сёньня занёс пракурору Крупскага раёна Макарэвічу Дзмітрыю Пятровічу вось такую заяву:

ЗАЯВА

8 мая 2019 года я паехаў у наш крупскі ЕўраОпт, які знаходзіцца па адрэсе :г.Крупкі, вул. Маскоўская, 61 каб набыць прадукты да сьвята Перамогі над нацызмам краін антыгітлераўскай кааліцыі ў якую ўваходзіў колішні Савецкі Саюз, і з часу якой мінула 74 гады…

У 10-15 , у гандлёвай зале ЕўраОпта, я папрасіў работніка ў фірменным адзеньні крамы, але без бэджыка, паказаць мне – дзе знаходзіцца распушчальная кава, бо ведама, з вёскі, рэдка бываю ў крупскім ЕўраОпце і ня ведаю добра разьмяшчэньне тавараў. У адказ пачуў лаянку, абразы беларускай мове і культуры, нахабнае сьцьвярджэньне, што ён, маўляў –“рассіянін” і ня лічыць патрэбным ведаць беларускую мову! Я быў вельмі ўражаны, апешыў ад такога нахабства работніка крупскага ЕўраОпта. Прапанаваў яму прадставіцца – ізноў пачуў маты расейскія, пагрозы, лаянку. Далей ён пабег у падсобнае памяшканьне і я за ім. Там ён зьнік і дзяжурны адміністратар Заграбельная Марына Аляксандраўна як магла супакоіла мяне, залагодзіла канфлікт і назвала прозьвішча гэтага работніка-Чыркоў Павел. Я выйшаў у гандлёвую залу, ізноў пачаў зьдзяйсьняць пакупкі, шукаць самастойна-дзе там стаіць тая распушчальная кава – бо на беларускай мове надпісаў размяшчэння тавара, ды і ўвогуле надпісаў па-беларуску ў нашым крупскім ЕўраОпце няма!!! У 10-45 я ізноў сустрэў работніка Чыркова Паўла ў гандлёвым зале і ізноў у нас здарыўся канфлікт, другі ўжо,бо я папрасіў яго паказаць дзе ж знаходзіцца тая распушчальная кава! Далей ён прапанаваў мне выйсьці на ганак ЕўраОпта, дзе пад відэаназіраньнем, пры зьявіўшымся начальніку аховы, ці ахоўніку, Вадзіму Аляксандрандравічу Бабкову і дзвюх работніцах ЕўраОпта, правакаваў мяне на супрацьпраўныя дзеяньні, бойку, абражаючы беларускую мову і культуру, брыдка лаючыся расейскім матам. Вадзім Аляксандравіч Бабкоў (быў з бэджыкам-таму я запомніў яго прозьвішча і імя) адразу прыняў бок Чыркова Паўла, адразу сказаў, што ён таксама”рассіянін”, таксама адразу пачаў зьневажаць люта беларускую мову і культуру! Яны ўсяляк стараліся раззлаваць мяне – каб я страціў кантроль над сабой і пачаў пад камерамі відэаназіраньня бойку,пачаў супрацьпраўныя дзеяньні. Гэтага не адбылося і яны з пагрозамі, што прыедуць да мяне ў Бобр і ў мяне яшчэ будуць бойкі з “расіянамі,” рэціраваліся. Я быў вельмі засмучаны гэтым прыкрым здарэньнем і дзеяньнямі майго беларускага ЕўраОпта, адзела кадраў крупскага магазіна сеткі ЕўраОпт….

Я дажыўся ў сваёй краіне Беларусі, на сваёй радзіме – Крупшчыне, пасля замены ў 1944 годзе нямецкай акупацыі на расейскую,праз 75 год – што мяне зневажалі, абражалі і ледзь не пакалацілі за маю беларускую мову – якая ёсьць дзяржаўнай мовай тытульнай нацыі і ёсць нашай святыняй!!!

У 11-22 я, разьлічыўшыся на касе (копію чэка дадаю), пакінуў гэтых злых людзей-“рассіян” Чыркова і Бабкова, якія па якомусьці непаразуменню працуюць не ў вялікай, багатай Расейскай Федэрацыі, а ў цудоўным, новым магазіне гандлёвай сеткі ЕўраОпт у г. Крупкі, Рэспубліка Беларусь, Мінская вобласьць…

Прыкладна ў 13-00 у Крупскі РАЎС паступіла на мяне заява ад Чыркова Паўла. У 19-30 да мяне ў Бобр прыязджаў дабрадушны капітан Белякоў Андрэй Рыгоравіч, участковы інспектар, каб я даў тлумачэньні… Я пасетаваў, што Чыркоў Павел зноў робіць памылку,паднімаючы першым меч міжнацыянальнай вайны і варажнечы між рассіянамі і беларусам, прапанаваў участковаму інспектару перадаць Паўлу Чыркову і Вадзіму Бабкову – каб тыя назаўтра,9 мая,прыйшлі к 10 гадзінам на Малебен Смутку і Памяці ў наш бобрскі храм фсбшна-кгбшнай Расейскай Праваслаўнай Царквы, Беларускі Экзархат якой узначальвае грамадзянін Расіі і памаліліся, спавядаліся, прычасьціліся сьмірэнна Сьветлых Хрыстовых Таямніц… Тады канфлікт наш будзе залагоджаны і ў зародку спынены, я ня буду зьвяртацца ў пракуратуру, СМІ, бударажыць гэтым фактам грамадскасьць, рабіць пікеты каля крупскага ЕўраОпта, каб яго беларусізаваць нарэшце, пашыраць рэзананс у нашым грамадстве гэтай вельмі актуальнай і гарачай палітычнай справы…. Такога не адбылося – 9 мая я не пабачыў іх у Бобрскай царкве…

Таму з гэтай заявы вы і даведаліся мае творчыя планы,якія я спакваля пачынаю з 10 мая 2019 года…

Алесь Пушкін,жыхар мястэчка Бобр. 10 мая 2019 года”.

Беларускае Радыё Рацыя