У Франкфурце знайшлі бомбу часоў Другой сусветнай вайны



Брытанская авіябомба часоў Другой сусветнай вайны стала прычынай самай вялікай эвакуацыі ў гісторыі пасляваеннай Германіі. Да 9.00 раніцы (па беларускім часе) у нядзелю, 3 верасня, свае дамы ў Франкфурце-на-Майне часова пакінулі больш за 60 тысяч чалавек. Спецслужбы старанна правяраюць тэрыторыю, якая павінна быць абсалютна бязлюднай. Сапёры прыступілі да абясшкоджвання бомбы ў 13.00 (па беларускім часе), паведамляе «Нямецкая хваля».

Небяспечная знаходка была выяўлена яшчэ ў аўторак, 29 жніўня, пры правядзенні будаўнічых работ у студэнцкім гарадку Універсітэта імя Гётэ ў найбуйнейшым горадзе федэральнай зямлі Гесэн. Бомба масай 1,8 тоны змяшчае амаль 1,5 тоны выбуховых рэчываў. У зону ачаплення, радыус якой склаў 1,5 кіламетра, акрамя жылых дамоў трапілі будынак паліцэйскага кіравання Франкфурта, некалькі бальніц, а таксама штаб-кватэра медыякампаніі Hessischer Rundfunk.

Да знаходкі ў Франкфурце самая маштабная эвакуацыя ў гісторыі Германіі праводзілася ў канцы 2016 года ў Аўгсбургу. Тады свае дамы былі вымушаныя пакінуць каля 54 тысяч жыхароў. Пры абясшкоджваннi трох авіябомбаў у траўні 2017 года ў Гановеры ў бяспечнае месца былі перавезены амаль 50 тысяч чалавек.