У Францыі напад з нажамі: ёсць забітыя
4 красавіка ў горадзе Раман-сэр-Ізер, што на паўднёвым усходзе Францыі мужчына, узброены нажамі, напаў на людзей. Пра гэта паведамляе AFP.
Крыніцы агенцтва інфармуюць, што два чалавекі загінулі, яшчэ сямёх – паранены, з якіх адзін у шпіталі ў крытычным стане.
Напад адбыўся ў гандлёвым цэнтры і на праезнай частцы вуліцы.
Інфармацыю пра загінулых пацвердзіў у Twitter прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.
Ведама, што нападнік – 33-гадовы нараджэнец Судана, які прасіў у Францыі прытулку. Паводле словаў відавочцаў нападу, перад тым як кінуцца на кожную з ахвяр, ісламіст крычаў „Алах акбар!”.
Паводле крыніц, суданец выкарыстаў пры нападзе некалькі нажоў. Калі з’явілася паліцыя, ён стаў на калені, як для малітвы, і прамовіў некалькі слоў па-арабску. На загады паліцыі ён не рэагаваў, пасля чаго праваахоўнікі прымянілі для затрымання электрашокер.
Беларускае Радыё Рацыя