У галадоўцы актывістаў „Матчынага руху 328” бяруць удзел больш за 30 чалавек
У бестэрміновай галадоўцы бацькоў, якія патрабуюць змякчэння пакарання па арт. 328 КК для сваіх дзяцей, удзельнічаюць ужо больш за 30 чалавек. Як мінімум 25 актывістаў трэці дзень трымаюць галадоўку пад Менскам, яшчэ шэсць — у Калінкавічах.
Як паведаміла БелаПАН лідар руху Ларыса Жыгар, якая ўваходзіць у групу пад Менскам, самаадчуванне ўдзельнікаў галадоўкі на гэты момант здавальняючае. Яны ўжываюць толькі пітную ваду. У ліку ўдзельнікаў акцыі — толькі адзін мужчына.
Паводле слоў Ларысы Жыгар, прадстаўнікі ўлады звязацца з імі не спрабавалі. Яна таксама распавяла, што 28 красавіка над участкам, дзе праводзіцца галадоўка, на працягу прыкладна 10 хвілін лётаў дрон.
У Калінкавічах (Гомельская вобласць) па-ранейшаму галадаюць шэсць чалавек, але ў хуткім часе да іх павінен далучыцца яшчэ як мінімум адзін удзельнік акцыі. У адной з жанчын учора падняўся ціск — жанчыне выклікалі хуткую дапамогу, зрабілі ўкол.
Актывісты грамадскай ініцыятывы „Матчын рух 328”, якая аб’ядноўвае сваякоў асуджаных па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), абвясцілі бестэрміновую галадоўку 27 красавіка. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу ўлад да неабходнасці змякчэння пакарання па гэтым артыкуле. Удзельнікі акцыі патрабуюць таксама стварыць камісію па пераглядзе адпаведных крымінальных спраў пачынаючы з 2013 года, і ўнесці змены ў заканадаўства, у тым ліку для больш шырокага прымянення амністыі і ўмоўна-датэрміновага вызвалення да асуджаных па арт. 328 КК.
Як раней паведамляў БелаПАН, вечарам 27 красавіка да групы ў Калінкавічах прыйшлі старшыня мясцовага райвыканкама Сяргей Гвоздзь і старшыня райсавета дэпутатаў Віктар Замосцік. Яны паведамілі жанчынам, што 2 мая іх гатова прыняць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. „Мы сказалі, што Качанава нам не патрэбная, мы з ёй размаўлялі, але яна не вырашае тыя пытанні, якія мы задаём, таму мы прапанавалі свой спіс сустрэч. Калі яны нам яго пададуць — мы паедзем”, — падкрэсліла ўдзельніца акцыі Таццяна Канеўская.
У спісе, які прапанавалі жанчыны, — старшыня Вярхоўнага суда, генпракурор, кіраўнікі Савета бяспекі, Следчага камітэта, міністр унутраных спраў, кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. „Мы хочам данесці да гэтых людзей, што неабходная змена заканадаўства, хочам дамагчыся ад іх канкрэтных дзеянняў і абазначэння канкрэтнай даты — калі законапраект будзе гатовы, калі будзе ўнясенне змяненняў у артыкул 328 КК”, — заявіла ўдзельніца галадоўкі Ліяна Шуба.