У рэдакцыі «Газеты Слонімскай» прайшоў ператрус (абноўлена)
Следчыя ў Слоніме прыйшлі з ператрусам да галоўнай рэдактаркі недзяржаўнай “Газеты Слонімскай” Ганны Валадашчук.
Ганна Валадашчук
Ператрус праводзіўся ў адпаведнасці з санкцыяй пракурора ў сувязі з тым, што ў мясцовых Тэлеграм-каналах з’яўляліся паведамленні з абразамі на адрас работніцы з сістэмы адукацыі. Ганна Валадашчук праходзіць сведкаю па крымінальнай справе аб паклёпе.
Ганна Валадашчук у размове з прадстаўнікамі „Беларускай асацыяцыяцыі журналістаў” падкрэсліла, што не мае дачынення ні да якіх Тэлеграм-каналаў і паклёпніцкіх паведамленняў.
Пасля ператрусу ў доме міліцыянты забралі два кампутары, sim-карты, флэш-накапляльнікі.
Пасля абеду работнікі міліцыі без папярэджання прыехалі ў рэдакцыю „Газеты Слонімскай”. У рэдакцыі таксама забралі кампутары ў журналістаў, бухгалтэрыі, у рэкламным аддзеле.
Ганна Валадашчук расказала, што ў рэдакцыі цяжкае фінансавае становішча, ёсць крэдыт на гаспадарчую дзейнасць, на выплату заробкаў. Але цяпер рэдакцыя не зможа выпускаць газету, адпаведна, не зможа і выплаціць заробкі супрацоўнікам за зробленую працу.