У Ганцавічах прэзентуюць Антыкарупцыйную платформу
На прэзентацыю Антыкарупцыйнай платформы запрашаюць сябры кааліцыі ’’Талака’’ ў горадзе Ганцавічы Берасцейскай вобласці. Мерапрыемства пройдзе 23 студзеня ў рэдакцыі газеты ’’Ганцавіцкі час’’. Удзельнікі круглага стала паспрабуюць адказаць на пытанне, што рабіць далей у сённяшняй палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Каардынатар Цэнтру па працы з прыхільнікамі дэмакратычных пераменаў ад АГП па Берасцейскай вобласці Уладзімір Вуек распавёў пра тое, у чым важнасць такой сустрэчы:
– Таму што карупцыя, гэта адна з найбольш балючых і небяспечных праблем у Беларусі. Нашая краіна займае 123 месца па ўзроўню распаўсюджвання карупцыі. Па дадзеных незалежных экспертаў, карупцыйны складнік вымяраецца 28-32 мільярдамі даляраў у год. І нашая Берасцейская вобласць не з’яўляецца выключэннем.
Мерапрыемства пройдзе з удзелам распрацоўшчыкаў Антыкарупцыйнай платформы – лідара АГП Анатоля Лябедзькі і эканаміста Леаніда Заікі.
Беларускае Радыё Рацыя