У Гародні не дазволілі акцыі на 26 красавіка
Адмову ў правядзенні сходу грамадзян даслаў Гарадзенскі гарвыканкам Вадзіму Саранчукову, старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі партыі БНФ. Анатоль Мышкевіч, Вадзім Саранчукоў і Сяргей Верамеенка, як фізічныя асобы, напярэдадні падалі заяву на правядзенне сходу грамадзян у дазволеных месцах, альбо ў будынку гарвыканкама на 26-га красавіка.
Улады знайшлі чарговую прычыну адмовіць, праявіўшы адарванасць ад праблем грамадзян, кажа Вадзім Саранчукоў:
— У гэты раз выбралі іншую матывацыю, нібыта людзі, якія былі аштрафаваныя і прыцягнутыя да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, не маюць права яго арганізоўваць. Тут відавочнае парушэнне правоў як заяўнікаў, такі звычайных грамадзян. Я ўсё ж такі спадзяваўся, што хопіць розуму гарадской адміністрацыі не будаваць канфліктаў на тым месцы, дзе іх няма і сапраўды паспрабаваць пайсці насустрач нам, звычайным людзям, бо праблем і канфліктаў у горадзе сапраўды шмат.
15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі чыноўніца Гарвыканкама Зоя Кулеша на мітынгу абяцала гарадзенцам, што сустрэчы з грамадзянамі будуць, і іх можна правесці ў залі гарадскога выканаўчага камітэта. Аказалася, што гэта была хлусня.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя