У Гарадзенскай вобласці маланка трапіла ў царкву
У Гродзенскай вобласці ад удару маланкі загарэлася царква.
Як паведаміла прэс-служба Гарадзенскага абласнога ўпраўлення МНС, 17 ліпеня ў 17.21 відавочца паведаміў у службу „101” пра пажар у Свята-Георгіеўскім храме Гарадзенскай епархіі ў вёсцы Некрашы Гарадзенскага раёна.
Да месца выкліку былі накіраваны сем пажарных разлікаў — са Скідзеля і Азёр, а таксама з Каменкі Шчучынскага і Лунна Мастоўскага раёна, абласнога цэнтра. Першыя аддзяленні ратавальнікаў былі на месцы здарэння ўжо праз шэсць хвілін і ліквідавалі адкрытае гарэнне на гарышчы храма вышынёй шэсць метраў. Усяго на ліквідацыю ўзгарання спатрэбілася каля гадзіны.
Агнём пашкоджаны дах на плошчы 70 кв. м, 140 кв. м перакрыцця, закураны сцены, столь. Маёмасць не пашкоджана, людзі не пацярпелі.
Як мяркуецца, прычына пажару — разрад маланкі.
Вядома, што будаўніча-мантажныя работы ў царкве прыпыненыя ў 2008—2009 годзе і набажэнствы тут не праводзіліся.