У Гарадзенскай вобласці ў чарзе на мяжы памёр дальнабойнік
Гарадзенскія следчыя праводзяць праверку па факце смерці дальнабойніка, які памёр у чарзе на мяжы, паведамляе рэгіянальны рэсурс „Віртуальны Брэст”.
Мужчыну было 37 гадоў. Інцыдэнт адбыўся яшчэ ў сераду 2 лютага. Следчыя разам з судмедэкспертамі агледзелі месца здарэння і апыталі відавочцаў. Прызначаная судова-медыцынская экспертыза. Паводле папярэдніх дадзеных, смерць кіроўцы не носіць крымінальнага характару.
На беларускай мяжы з краінамі ЕЗ захоўваюцца вялікія чэргі. Памежны пераход „Брузгі” застаецца закрытым пасля таго, як мінулай восенню праз яго спрабавалі прарвацца мігранты. У „Казловічах” і „Бераставіцы” сваёй чаргі на выезд у Польшчу, паводле дадзеных на раніцу 4 лютага, чакала каля 1,5 тысяч вялікагрузаў. На мяжы з Літвой стаіць амаль 2 тысячы фур, з Латвіяй — 900.