У гарадзенскіх школах пачаліся бацькоўскія сходы будучых першакласнікаў
У Гарадзенскіх школах пачаліся бацькоўскія сходы будучых першакласнікаў. Асаблівы клопат сяброў Таварыства Беларускай Мовы – распаўсюд інфармацыі пра тое, што грамадзяне маюць права даць сваім дзецям адукацыю на дзяржаўнай, беларускай мове. Цяпер існуе ў абласным цэнтры дзве школы, якія фармуюць беларускія класы: СШ 32, і СШ 34 – у Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах адпаведна.
Пра задачы гарадзенскага ТБМ на гэтым этапе кажа Алесь Крой, сябра агульнанацыянальнай Рады арганізацыі.
— У Гародні і валанцёрская справа і справы іншых грамадскіх арганізацыі, якія выкарыстоўваюць беларускую мову, папулярызуюць яе, пісьменнікі нашы, паэты, сродкі масавай інфармацыі, удзейнічаюць. І таму, вядома, людзі з кожным годам усё больш і больш арыентуюцца на тое, каб сваім дзеткам даць беларускамоўную адукацыю. Ёсць невялічкія зрухі, бо, калі мы раней збіралі па адным класе, дык цяпер па два класы. Хай не кожны год, але два класы, па адным на кожны раён горада, гэта ўжо крок наперад.
Гарадзенская абласная арганізацыя Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны, заклікае ўсіх, каму неабыякавае роднае слова, і хто хоча дапамагчы ў яго пашырэнні далучацца і ўступаць у сябры арганізацыі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя