У Гарадзенскім купалаўскім універсітэце „беcкаралеўе”



Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па-ранейшаму застаецца без рэктара. Яшчэ 28-га верасня Аляксандр Лукашэнка ранейшага рэктара ГрДзУ 44-гадовага Андрэя Караля сваім указам прызначыў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Андрэй Кароль, бадай, сама адыёзны рэктар Гарадзенскага ўніверсітэту за ўсю гісторыю. На гэтай пасадзе ён быў з сакавіка 2013 года. Менавіта пры ім гуманітарныя факультэты гэтага ВНУ былі канчаткова „зачышчаны” амаль ад усіх беларускамоўных выкладчыкаў, якія мелі сваю прынцыповую навуковую і грамадзянскую пазіцыю. 

Прайшоў амаль месяц з часу ад’езду Андрэя Караля, але новы рэктар Гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэту дагэтуль не прызначаны. Часова яго абавязкі выконвае першы прарэктар Ірына Кітурка. Ірына Кітурка (да замужаства Хіль) – выпускніца гістарычнага факультэту Гарадзенскага ўніверсітэту, цяпер кандыдат навук, зрабіла за апошнія гады вельмі ўражвальную службовую кар’еру. Аднак, малаверагодна, што менавіта яна будзе прызначана новым рэктарам на сталай аснове.

Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў рэгіянальным рэйтынгу QS EECA Ranking 2018 займае месца ў групе „191-200”.

У сусветным рэйтынгу Webometrics ГрДзУ на 4-ым месцы сярод беларускіх ВНУ і толькі 3317-ы на міжнародным роўні.

У рэйтынгу UniRank (4icu) ГрДзУ займае толькі 3259-е месца ў свеце і 2-е ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя