У Гарадзенскім раёне паляўнічы параніў двух рыбакоў
У дзень адкрыцця сезона палявання на вадаплаўную дзічыну 5 верасня паляўнічы з Гародні параніў двух рыбакоў. Інцыдэнт здарыўся ў Гарадзенскім раёне на возеры Дзярвеніскае.
Як паведамляе Дзяржаўная інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету, 24-гадовы паляўнічы і яго сябар плылі на лодцы. Заўважыўшы качку, якая ўзлятала, стралок націснуў на курок. Аднак птушка яшчэ не паспела высока падняцца, і выстрал дробам прайшоў па чароце, дзе сядзелі рыбакі. Яны атрымалі некалькі раненняў: адзін — у руку, другі — у вуха і шчаку.
За парушэнне правілаў бяспекі на паляванні супрацоўнікі Гарадзенскай міжраённай інспекцыі прыцягнулі паляўнічага, які страляў, да адміністрацыйнай адказнасці. Малады чалавек пазбаўлены спецыяльнага права тэрмінам на адзін год. Каб вярнуцца ў рады паляўнічых, яму давядзецца прайсці навучанне і зноў здаць экзамен.
Дзяжінспекцыя нагадвае: падчас палявання забаронена страляць на шум, шоргат, па дрэнна бачнай цэлі, у тумане, у моцны снегапад, у змярканні, супраць сонца і пры іншых умовах дрэннай бачнасці, а таксама па птушцы, якая ўзлятае, ніжэй як 2,5 метра ва ўмовах абмежаванай бачнасці.