У гарадзенскую студыю вэб-распрацовак „Іквадарт” прыйшлі сілавікі
25 жніўня ў офіс гарадзенскай фірмы „Іквадарт”, якая стварае вэб-сайты і вэб-праграмы, прыйшлі сілавікі ў экіпіроўцы, паведамляе партал навін hrodna.life.
Адзначаецца, што дырэктара Глеба Койпіша вывелі з студыі ў наручніках. Верагодна, ён затрыманы. Кім і па якой справе, пакуль невядома.
Койпіш паспеў напісаць у сваім акаўнце ў „Фэйсбуку” прыблізна ў 13.30: „Прыйшлі”. Яго тэлефон выключаны, тэлефон фірмы перанакіроўвае на галасавую пошту.
Паводле наяўнай інфармацыі, сілавікі канфіскавалі тэхніку і дакументы.
Студыя „Іквадарт” працуе з 2004 года і ўваходзіць у топ-10 найлепшых вэб-студый Беларусі. Койпішу 35 гадоў, жанаты, у яго двое дзяцей. Перад леташнімі прэзідэнцкімі выбарамі ён запісаў зварот да ўлады. Пасля збіцця 10 жніўня 2020 года трапіў у траўмапункт. Яму адмовілі ў распачынанні крымінальнай справы па факце збівання.
БелаПАН