У Гародні хочуць ліквідаваць грамадскае аб’яднанне „Трэці Сектар”



Прызначаная дата суда па ліквідацыі аднаго з найстарэйшых гарадзенскіх грамадскіх аб’яднанняў Беларусі – Цэнтра «Трэці сектар». Пасяджэнне пройдзе 3 верасня. Пра гэта арганізацыя  паведаміла  ў Facebook.

Раней, у ліпені, Мінюст пачаў пазапланавую  праверку  ў аб’яднанні, а пазней у яго офісе быў праведзены  ператрус  – прычым пры адсутнасці прадстаўнікоў арганізацыі. Кіраўнік «Трэцяга сектару”  Вітаўт Руднік  разам з жонкай  Ланой Руднік  (заснавальніцай «Студыі карысных кампетэнцый» якую таксама ліквідуюць) на той момант знаходзіліся за мяжой і застаюцца там да гэтага часу.

«Трэці сектар» быў заснаваны ў 1997 годзе. Ён займаецца інфармацыйнай падтрымкай грамадскіх ініцыятыў, грамадскай адукацыяй у сферы журналістыкі, развіццём лакальных супольнасцяў і сацыяльнай анімацыі, праектамі ў сферы культуры і спадчыны, развіццём трансгранічнага супрацоўніцтва паміж НКО. Сярод яго праектаў таксама «Універсітэт Залатога Веку», накіраваны на інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю людзей сталага ўзросту.

Блог Гродно s13.ru