У Гародні 9 чалавек трапілі ў рэанімацыю, атруціўшыся невядомым псіхатропам



У Гародні дзевяць чалавек паступілі ў рэанімацыю з аднолькавым дыягназам: жыхары абласнога цэнтра, па высновах лекараў, атруціліся невядомым псіхатропным рэчывам. У пацярпелых былі галюцынацыі і ў некаторых выпадках сутаргі. Усіх іх даставілі ў бальніцу ў цяжкім стане.

У ходзе праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў удалося ўстанавіць, што ва ўсіх выпадках псіхатропы набываліся праз інтэрнэт-крамы. Пасля іх прыёму людзям станавілася настолькі дрэнна, што яны губляліся ў рэчаіснасці, працэс суправаджаўся галюцынацыямі і ў некаторых выпадках сутаргамі. У рэанімацыі ў несвядомым стане кожны з іх знаходзіўся па 3-4 дні, – распавядае начальнік УНіСГЛ УУС Гарадзенскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Сяргей Ланкевіч.

Кантынгент трапіўшых у бальніцу – моладзь 1987-1996 г. нар. Сярод іх дзве дзяўчыны 21 і 20 гадоў, адна з якіх знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

– Некаторыя з пацярпелых да гэтага часу знаходзяцца без прытомнасці, у іх канвульсіі, – распавядае Onliner.by  начальнік прэс-службы УУС Гарадзенскага аблвыканкама Яўген Дудко. – Па словах тых, хто знаходзіцца ў свядомасці, псіхатропы яны набывалі ў інтэрнэт-крамах. Як правіла, такія аб’явы надзейна зашыфраваныя і вылічыць іх вельмі складана.