У Гародні абмяркуюць малы памежны рух



У межах кампаніі „Народны рэферэндум” 22 сакавіка бягучага года ў Гародні адбудуцца грамадскія слуханні „Малы памежны рух і безвізавая прастора: наступныя крокі”.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў і вядомы беларускі палітолаг Алесь Лагвінец сустрэнуцца з жыхарамі Прынёмання дзеля таго, каб растлумачыць чаму беларускія ўлады сабатуюць прапановы Еўразвяза па ўвядзенню малога памежнага руху, які на думку актывіста руху „За Свабоду” Эдварда Дмухоўскага для жыхароў Гарадзенскай вобласці з’яўляецца вельмі актуальным:

– Па правілах, прапанаваным і ўведзеным Еўразвязам, наш горад уваходзіць у зону малога памежнага руху – гэта значыць, што гарадзенцы і жыхары наваколля маюць права без візаў наведваць Польшчу і Літву. Для людзей гэта вельмі важна, і яны хочуць карыстацца гэтым правам.

Палітычная кампанія „Народны рэферэндум” мае на мэце правядзенне плебісцыта па шэрагу важных для Беларусі пытанняў, адным з якіх можа стаць пытанне малога памежнага руху. Грамадскія слуханні „Малы памежны рух і безвізавая прастора: наступныя крокі” адбудуцца 22 сакавіка а 16 гадзіне ў вялікай залі па адрасе вул. Будзёнага 48а.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня