У Гародні абмяркуюць польска-беларускія дачыненні ХІХ-ХХІ стст.
Навуковая канферэнцыя з удзелам даследчыкаў Беларусі і Польшчы пройдзе ў Гародні 20-21 верасня. Тэма „Палякі на Беларусі ад ХІХ да ХХІ стагоддзя”. Канферэнцыя пройдзе ў памяшканні генеральнага консульства Польшчы ў Гародні. Пра важнасць тэмы навуковага форуму кажа адзін з арганізатараў Тадэвуш Гавін:
– Актуальнасць міжнароднай канферэнцыі на тэму „Палякі на Беларусі ад канца ХІХ да пачатку ХХІ стагоддзя: выбраныя праблемы польска-беларускіх адносін” заключаецца ў тым, што ніколі да гэтай пары ані ў савецкай Беларусі, ані цяпер гэтая тэма публічна не разглядалася. Апрача таго, да пачатку канферэнцыі выдаецца кніжка з матэрыяламі дакладаў.
У час канферэнцыі прадугледжаны панэльныя дыскусіі на шэраг спрэчных пытанняў у беларускай і польскай гістарычнай навуцы. Асаблівае месца канферэнцыя прысвячае так званай „польскай аперацыі” 1937-1938 гадоў у БССР. Кажа Тадэвуш Гавін:
– Гэта мала вядомая старонка ў шырокіх колах беларускага грамадства, калі НКУС фізічна знішчыў дзясяткі тысячаў грамадзян Беларусі. Адных за тое, што былі палякамі, другіх нібыта за шпіянаж на карысць Польшчы. Тут разыходжанні ёсць па лічбах забітых палякаў і беларусаў у Беларусі ў 1937-1938 гадах. Афіцыйны бок падае, што гэта было 17 тысяч.
У той час удзельнік канферэнцыі, беларускі гісторык Ігар Кузняцоў падае, што толькі палякаў было забіта ў гэтай аперацыі НКУС каля 50 тысячаў.
Арганізатарамі канферэнцыі з’яўляюцца Інстытут гісторыі Варшаўскага ўніверсітэта і Генеральнае консульства Польшчы ў Гародні.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня