У Гародні абвешчаны прысуд Аляксандру Арановічу
Прысуд палітвязню Аляксандру Арановічу – кіроўцу аўтадома „Страна для жызни” блогера Сяргея Ціханоўскага – абвясціла суддзя Алена Пятрова з Ленінскага суда Гародні.
Паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, яму прысуджана 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Менавіта такі ж тэрмін патрабаваў дзяржаўны абвінаваўца Дзяніс Корда. З прысудам Аляксандар Арановіч не пагадзіўся, як і з аб’ектыўнасцю разгляду ўсяго судовага працэсу, і будзе яго абскарджваць. Кажа праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Раман Юргель, які назіраў за працэсам:
– Палітзняволенымі ўсе па “справе Ціханоўскага”, як і астатнія больш за 370 чалавек, прызнаныя былі адразу як іх затрымалі, згодна з правіламі прызнання палітзняволенымі падчас выбарчай электаральнай прэзідэнцкай кампаніі па зборы подпісаў.
Над іншымі фігурантамі так званай „справы Ціханоўскага” яшчэ ідуць працэсы. У Кастрычніцкім судзе Гародні таксама судзяць трох абвінавачаных: Фурманава, Кнігу й Разнічэнку. Наперадзе – судовыя спрэчкі і апошнія словы абвінавачаных.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: Тут.бай