У Гародні абвешчаны прысуд па „справе пяці”
10 сакавіка ў Гародні завершыўся судовы працэс у дачыненні да 5 гарадзенцаў, якіх вінавацяць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу. Дакладней, у дачыненні да чатырох, паколькі Аляксандр Якубоўскі знік і абвешчаны ў вышук.
Ад трох да трох з паловай гадоў “хіміі” прысудзіла суддзя Ганна Лявусік з Ленінскага раённага суда Гародні чатыром удзельнікам леташняй мірнай акцыі пратэсту. Да трох гадоў засуджаныя браты: Юры і Уладзімір Седзянеўскія і адна з сясцёр: Жана Захаркевіч.
Усе яны раней не судзімыя, абвінавачаны ў „актыўных групавых дзеях, гвалце і пагрозе прымянення гвалту да міліцыянтаў”. Найвялікшы тэрмін прысуджаны сястры Жаны Захаркевіч – Надзеі Сцепанцовай: 3.5 гады абмежавання волі.
Падтрымаць абвінавачаных прыйшло некалькі дзясяткаў гарадзенцаў. Раман Юргель з Беларускага Хельсінкскага камітэту назіраў за абвяшчэннем прысуду:
– Суддзёй Ганнай Лявусік у прысутнасці дзяржабвінаваўцы Аліны Чужаземец быў агучаны прысуд двум братам і дзвюм сёстрам. Сваю віну абвінавачаныя не прызналі на ўсіх этапах следства і на ўсіх этапах судовага даследавання. Яны лічаць сябе невінаватымі. І лічаць прысуд незаконным і неабгрунтаваным. Таму што віна іх не даказаная была ў судзе.
Асуджаныя пакуль застаюцца на волі, пад падпіскай аб нявыездзе да абскарджвання ў судовай калегіі па крымінальных справах. Апрача прысуду чатыром, Ганна Лявусік вырашыла прыняць прыватнае вызначэнне ў традыцыях дзяржаўнаахоўнай сістэмы ў час расейскага царызму:
– Прыватнае вызначэнне суддзя выставіла ў бок тых чатырох арганізацый, дзе працавалі раней гэтыя зараз асуджаныя, што недапушчальна, каб іх работнікі ўдзельнічалі ў такіх несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Цікава, што не ў бок міліцыі, на розныя недарэчнасці на ўсіх этапах следства і суда, а вось у гэтыя арганізацыі.
Заўважна была вялікая колькасць міліцыянтаў у судзе. Яны былі падрыхтаваныя на выпадак абурэння ў зале падчас абвяшчэння прысуду. Таму была сцягнута значная колькасць як АМАПаўцаў, так і міліцыянтаў, якія прысутнічалі на абвяшчэнні прысуду і стаялі разам з цывільнымі грамадзянамі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня