У Гародні адбудзецца набажэнства ў гонар 500-ых угодкаў перамогі пад Воршай



8-га верасня а 19-й гадзіне ў Гарадзенскай катэдры імя Францішка Ксаверыя пройдзе канцэрт і набажэнства на лацінскай мове, прымеркаваныя 500-ым угодкам перамогі пад Воршай. Імша замоўлена генеральнымі консульствамі Польшчы ды Літвы.

Бітва пад Воршай

Гісторык Алесь Краўцэвіч згадвае, што вялікая перамога пад Воршай стала знакамітай ужо адразу пасля бітвы. Паводле яго, гэтая перамога мела і мае вялікае маральнае значэнне для беларусаў, нашчадкаў Вялікага Княства Літоўскага.

– Аршанская перамога – была першай вялікай перамогай у шэрагу войнаў з Масквой. Масква навалілася ад канца 15 стагоддзя, навалілася агромністымі масамі, забірала зямлю за зямлёй. Гэта было нечакана, гэта было неспадзявана. І тут, у гэтай 20-30-гадовай чарадзе вайны ў паразах, адбылася такая вялікая перамога. Яна мела найперш маральнае значэнне для нашай краіны, для нашай радзімы, для нашых войскаў.

Улады ў Беларусі забараняюць правядзенне масавых мерапрыемстваў з гадавіны Аршанскай перамогі. Але, на думку Алеся Краўцэвіча, адзначыць свята можна і іншымі фарматамі, захаваўшы пераемнасць святкавання Дня беларускай вайсковай славы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя