Дзень Волі ў Гародні (абноўлена)
Святочныя мерапрыемствы, якія прайшлі ў Гародні, паказалі, што прынцып уладаў – дазволіць у адным месцы і забараніць у іншым, паказвае боязь росту нацыянальнай свядомасці беларусаў.
Адзін з менскіх суарганізатараў канцэрту ў Каложскім парку ад Партыі БНФ Аляксей Янукевіч мяркуе, што ўлады вельмі баяцца беларускай Беларусі:
– Пасля таго, як Расея прыватызавала ўсю савецкую спадчыну, калі ты савецкі, то фактычна ты расеец. Гэта стала небяспечна, таму ўлада шукае новую ідэнтычнасць. Жорсткага ўціску няма, але і падтрымкі няма. Мы лічым, што ўлада знаходзіцца ў такім інфармацыйным і ідэалагічным пошуку. Менавіта адтуль усе гэтыя хістанні ідуць. Такія фэсты, калі яны адбываюцца, адбываюцца мірна, маладыя людзі маюць магчымасць прыйсці, натхніцца.
Такія імпрэзы вельмі моцна працуюць на перспектыву, нават калі на свята прыходзіць менш людзей, чым хацелі б арганізатары, заўважыў Аляксей Янукевіч.
Прадстаўнікі кампаніі „Гавары праўду” інакш спрабуюць падысці да павелічэння колькасці святочных дзён звязаных з беларускай гісторыяй. 23-га сакавіка пачалася акцыя за наданне дню Грунвальдскай перамогі (15-га ліпеня 1410 г.) святочнага статусу.
Кажа сустаршыня кампаніі „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў:
– Я, як сустаршыня, спецыяльна для „Радыё Рацыя” аб’яўляю пра пачатак акцыі „Гавары праўду”. Пачынаем акцыю, каб зрабіць дзень Грунвальдскай бітвы не выходным у Беларусі, але святочным. Мы лічым, што гэта таксама важна, каб мы разумелі, што гісторыя пачынаецца не 1994 годзе. У нас гісторыя 100-гадовая, 1000-гадовая і нам ёсць чым ганарыцца.
Паводле арганізатараў, у гарадзенскай імпрэзе ўдзельнічала некалькі тысячаў чалавек.
***
Лявон Вольскі: Дзень Волі ў Гародні – выдатнае свята
Некалькі тысяч чалавек сабралася на святочным канцэрце ў Каложскім парку Гародні. Адзін з музыкаў Лявон Вольскі лічыць гэтае мерапрыемства ўнікальным святам.
– Мне ўсё вельмі спадабалася, улічваючы, што мы прыехалі літаральна за 10 хвілінаў да свайго выхаду. Таму што тут час скараціўся па некаторых абставінах. Як заўсёды народ вельмі цёплы. У нас быў, можна сказаць, акустычны сэт. Мне, як заўсёды, Гародня падабаецца. І свята сапраўднае. Сцягоў вельмі шмат, людзі натхнёныя, твары класныя, усё выдатна.
Свята скончылася шэсцем гарадзенцаў да цэнтра гораду, дзе ў Фарным касцёле адбылася святочная імша.
У канцы фэсту арганізатары свята падзякавалі ўсім, хто прыехаў ці прыйшоў на Дзень Волі ў Гародні.
Менскі палітык Ілья Дабратвор:
– Прыехаў сюды з сябрамі, бо тут дазволенае свята. Заўтра паедзем у Менск, будзем святкаваць там. Сёння дакладна не леташні менскі фармат тут, таму зразумела, чаму ў Гародню адправілі. На жаль, лянота у менчукоў, не парупіліся, не прыехалі. Лічу, што каб апазіцыя змагла б дамовіцца паміж сабой і арганізаваць там на Бангалоры, то маглі б як мінімум паўтарыць мінулагодняе.
У Гародні выступам гурта „Дзецюкі” завяршыўся святочны канцэрт, прымеркаваны 101-м угодкам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гарадзенцы-ўдзельнікі свята пра Дзень Волі ў Гародні:
– Шмат людзей, шмат добрай музыкі, шмат свядомых грамадзян, сапраўднае свята, шмат людзей з дзецьмі, мы самы прыйшлі з дзіцём, шмат маленькіх дзетак, дзетак больш старэйшых, шмат нацыянальных колераў, дзеці з колерамі, усё добра і мірна.
– У гэтым годзе свята выдатнейшае, Бог нам дапамог з надвор’ем. Нечакана вельмі многа моладзі, выдатны настрой, многа сцягоў. Сапраўды проста святочная атмасфера. Канешне сітуацыю псуюць крыху гэтыя хлопцы, што загналі нас у клетку, але гэта як бы непазбежнае зло.
– Для мяне гэта свята найперш самаідэнтыфікацыі беларусаў як самастойнай нацыі, адрознай ад былога СССР. Я не хачу, каб у нас сталася так як з Украінай і не хачу, каб мы сталі часткай іншай дзяржавы. Таму я прыйшоў сюды, каб адзначыць гэты дзень і адчуць сябе часткай сваёй краіны.
Пачаўся выступ „Дзецюкоў”.
Міхаіл Мацкевіч, праваабаронца, памочнік дэпутаткі Алены Анісім:
– Я прыехаў са Стоўбцаў, мне падаецца, Дзень Волі ў Гародні – гэта добрая нагода прыехаць у абласны горад, таму што наша краіна даволі цэнтралізаваная і нагодаў прыехаць у абласны цэнтр не так шмат. А Дзень Волі ў Гародні – гэта выдатна, я тут ні разу не быў у Каложскім парку. Выдатная магчымасць сустрэцца са знаёмымі людзьмі ў Гародні, падняць келіх піва за свята і за нашы 101-ыя ўгодкі.
Пачаўся выступ Лявона Вольскага.
Слонімскі грамадскі актывіст Алесь Масюк:
– Прыехаў у Гародню на свята, на Дзень Волі, таму што тут дазволена, нам сюды блізка са Слоніма. Тут проста супер, каб такое было ў кожным горадзе, асабліва ў Менску, не разумею проста чаму там не дазваляюць праводзіць.
Грамадскі актывіст з Бярозаўкі Сяргей Трафімчык:
– Прыехаў з Лідчыны ўзяць удзел у гэтым святкаванні, сустрэцца з сябрамі, якіх тут вельмі шмат, некаторых даўнавата не бачыў, паўдзельнічаць у цудоўным свяце, адчуць атмасферу. Народу дастаткова прыстойна, я не ўмею лічыць колькасць, але бачна, што пляцоўка амаль уся занятая. Цудоўная музыка, цудоўнае надвор’е, проста супер!
У Гародні працягваецца святочны канцэрт да Дня Волі, які вядзе Аляксандр Памідораў. Канцэрт сабраў ужо звыш 5 тысяч чалавек. Сотні людзей прыйшлі з нацыянальнай сімволікай. Каб даставіць у Гародню многіх жадаючых, кіраўніцтва Беларускай чыгункі выдзяліла дадатковыя вагоны да пасажырскіх цягнікоў. На месцы падзей працуе наш карэспандэнт:
– Святочная атмасфера. Шмат прыехала на свята людзей з розных беларускіх рэгіёнаў, пераважна з Гарадзеншчыны, але і шмат з Менску. Шмат прадстаўнікоў розных грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Вельмі актыўны незалежны гандаль. Такога гандлю Гародня яшчэ не бачыла. Святу спрыяе цудоўнае надвор’е.
Выступае гурт „Крама”.
У гэтыя хвіліны ў Каложскім парку адбываецца канцэрт, на якім выступаюць гурты “Крама”, “Дай Дарогу!”, Nizkiz, спявак Зміцер Вайцюшкевіч ды іншыя выканаўцы.
Гісторык, прафесар Алесь Краўцэвіч распавёў, што Гародня – як галоўнае месца святкаванняў – не выпадковая. У горадзе шмат месцаў, звязаных з гісторыяй БНР. Таксама гісторык выказаў надзею, што ў хуткім часе мы зможам паўсюдна і годна адзначаць Дзень Волі.
Паводле паведамлення аднаго з арганізатараў мерапрыемства Паўла Белавуса, на канцэрце прысутнічае ўжо больш за 3 тысячы чалавек.
Ажыятаж вакол канцэрта быў настолькі вялікі, што Беларуская чыгунка выдзяліла дадатковыя вагоны да цягнікоў Менск-Гародня.
Як у гэтыя хвіліны праходзіць святкаванне, з Гародні паведамляе наш карэспандэнт:
– Прысутнічаюць прадстаўнікі сілавых ведамстваў, але я не бачыў нейкага супрацьдзеяння нават у адносінах да тых, хто прыйшоў з бел-чырвона–белымі сцягамі. Кантроль на ўваходзе трэба прайсці абавязкова. Два ўваходы – адзін з боку вуліцы Лермантава, другі – з боку Каложскай царквы. Яны кантралююцца прадстаўнікамі АМАПу з металашукальнікамі. Што тычыцца свята, канцэрт пачаўся з выступу гурта Nizkiz з Менска. Вядзе свята Аляксандр Памідораў. У Гародню прыехалі людзі з Берасця, Менска, асабліва шмат з Гарадзеншчыны, не толькі з Гародні. Сапраўды вялікая дэлегацыя з Менска прысутнічае з розных палітычных рухаў і проста моладзь.
РР: А колькі ўвогуле сабралася чалавек на святкаванне? Ці можна падлічыць?
– Лунаюць дзясяткі сцягоў. Розныя арганізатары па-рознаму ацэньваюць колькасць удзельнікаў: ад некалькіх соцень, да некалькіх тысяч. Але людзі ўвесь час прыбываюць. Канцэрт шыкоўны. Але не ён адзін прыцягальны. Бо прыходзяць сюды многія дзеля таго, каб прадэманстраваць сваю прыхільнасць да гэтага свята. Галоўнае, ідуць людзі, якія не заангажаваныя ў палітычна-грамадскае жыццё Беларусі. Гэта таксама вельмі важна. Выступіў гісторык Алесь Краўцэвіч. Чакаецца выступ мастака Алеся Сурава. Святарам адмовіла іх царкоўнае кіраўніцтва ў выступе на свяце. Але яны правялі набажэнства ў Каложскай царкве за беларускі народ. Гэта быў сапраўды шыкоўны малебен. У 17.30 адбудзецца імша па-беларуску ў Фарным касцёле.
У парку збіраюцца людзі на святочны канцэрт, прымеркаваны да 25 Сакавіка.
Арганізатары за сціслы час падрыхтавалі сцэну, фудкорт, кропку, дзе працуюць рамеснікі, арганізавалі пляцоўку для дзяцей і пляцоўку з крэсламі для сталых людзей.
Пляцоўка агароджаная турнікетамі, АМАП з металашукальнікамі правярае людзей на ўваходзе.
* * *
У Каложы праходзіць малебен за Беларусь.
У Гародні рыхтуецца вялікі канцэрт у гонар Дня Волі.
На месцы падзей знаходзіцца наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі:
– Сёння сапраўды цудоўнае надвор’е. Усталявана вялікая сцэна. На святочным канцэрце выступяць Лявон Вольскі, «Крама», «Dzieciuki», Зміцер Вайцюшкевіч і «Дай дарогу». У перапынках прамовяць гісторыкі, палітыкі ды арганізатары. Святары, на жаль, адмовіліся высупаць, але зараз у Каложскай царкве праходзіць святочнае набажэнства. Наўпрост плануе трансляваць малебен за беларускі народ „Белсат”.
* * *
23 сакавіка ў Гародні пройдзе Дзень Волі як свята для ўсіх гарадзенцаў.
Дзень Волі ў Гародні: падрыхтоўчы этап
Грамадскі аргкамітэт Дня Волі ў Гародні робіць ужо заключныя мерапрыемствы ў Каложскім парку. Распавядае прадстаўнік аргкамітэту Вадзім Саранчукоў:
– Завяршаецца тэхнічны момант. Мантуецца сцэна ў парку. Растаўляецца агароджа, якая неабходная для перыметра бяспекі самой сцэны. На сённяшні дзень у нас гатовая праграма, якая будзе. Самае асноўнае – гэта вы, то бок людзі, якія прыйдуць заўтра. Надвор’е абяцае быць вельмі добрым. Заход на тэрыторыю святкавання будзе адкрыты з 12-ці гадзінаў. Таксама ў 12 гадзінаў пачнецца імша ў Каложскай царкве за Беларусь. Запрашаю ўсіх заўтра ў Каложскі парк у Гародні.
Вялікі канцэрт ў Каложскім парку, дзе выступяць Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, гурты Dzieciuki, «Дай дарогу» і «Крама» пачнецца 23 сакавіка, а 13-й гадзіне.
Янукевіч: Запрашаю на свята Дня Волі ў Гародню
Беларускі палітык, намеснік Старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч праехаў адмыслова заранёў ў Гародню, каб дапамагчы ў падрыхтоўцы да Свята Дня Волі. Аляксей Янукевіч упэўнены, што асноўнае свята па ўсёй Беларусі адбудзецца менавіта ў Гародні.
– Сёлета асноўнае адзначэнне гадавіны БНР адбудзецца менавіта ў Гародні. Гародня – гэта другая сталіца Беларускай Народнай Рэспублікі. І менавіта ў 1919 годзе яна ёй сталася. Таму праз 100 гадоў асноўнае святкаванне адбудзецца менавіта тут. Гурты адмыслова прыязджаюць з Менску. Плюс мясцовая зорка – “Дзецюкі”. Ва ўсёй краіне гэтыя музыкі карыстаюцца вялікай папулярнасцю і любоўю. Таму тут будзе асноўны цэнтральны фэст, і менавітаму таму з Менску і іншых гарадоў людзі збіраюцца сюды прыехаць. А хто яшчэ думае, то не трэба вагацца, а прыязджайце ў Гародню.
Пачатак свята ў Гародні ў 13 гадзін ў Каложскім парку, аднак ужо а 12-й гадзіне можна будзе патрапіць на малебен за беларускі народ ў старажытнай Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве ХІІ стагоддзя.
***
З дабраслаўлення архіепіскапа Арцемія ў Каложскай царкве будуць маліцца за Беларусь і беларускі народ
Перад святкаваннем 101-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Каложскім парку Гародні вернікаў запрашаюць на ўрачыстае набажэнства за Беларусь і беларускі народ у Барысаглебскую царкву. Служба пачнецца апоўдні 23 сакавіка. Арганізатары святкавання ў Гародні падалі просьбу пра малебен за Беларусь і беларусаў. Архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій дабраславіў яго правядзенне.
Пасля богаслужэння пачнецца канцэрт, прысвечаны 101-м угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. На ім выступяць: Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, гурты Dzieciuki, «Дай дарогу» і «Крама».
Малітва за Беларусь пройдзе таксама ў Фарным касцёле ў 17:30.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Андрэй Чарнякевіч: Беларуская Гародня пачынаецца ад чыгункі
На Дзень Волі ў Гародню 23 сакавіка плануе прыехаць шмат гасцей з розных гарадоў Беларусі. На думку гарадзенскага гісторыка Андрэя Чарнякевіча, варта прайсціся, апроч наведвання свята, і па мясцінах, звязаных з БНР.
– Сам горад – гэта месца, дзе фактычна урад БНР засядаў, прымаў рашэнні, пасля Менска. Таму, можа, нефармальна, але Гародня – гэта другая сталіца БНР, прынамсі на тэрыторыі Беларусі да выгнання. Ужо пачынаючы ад вакзала, можна казаць пра беларускую Гародню. Прыязджаючы сюды, беларускія дзеячы сустракалі менавіта гарадзенскую чыгунку. Старой чыгункі няма, але вось на гэтым месцы пачынаецца наш расповед.
На думку гісторыка, адным з самых цікавых будынкаў з’яўляецца будынак на рагу вуліц Кірава і Будзёнага.
– Будынак сённяшняга каледжа, дзе на мяжы 18-га і 19-га гадоў працавала Міністэрства беларускіх спраў. Калі б мы перанесліся на 100 гадоў назад у Гародню, мы б тут пабачылі два сцягі: літоўскі – дзяржаўны і нацыянальны беларускі, а таксама шыльду. Міністрам беларускіх спраў, які засядаў у Гародні, быў Язэп Варонка – першы кіраўнік Народнага сакратарыяту. Далей пачынаюцца адрасы беларускіх дзеячаў у Гародні. Яны пераважна жылі ў гатэлях, прынамсі дзеячы БНР, бо тут яны знаходзіліся часова.
Андрэй Чаркевіч лічыць, што на сённяшні дзень захавалася шмат будынкаў, якія кампактна знаходзяцца ў цэнтры горада і іх можна наведаць цягам гадзіны.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
Ці пойдуць гарадзенцы на Дзень Волі?
Мала часу засталося да Дня Волі ў Гародні, які пройдзе 23-га сакавіка ў Каложскім парку. Не ўсе гарадзенцы яшчэ ведаюць пра гэта мерапрыемства, але шмат хто ведае, што такое БНР і чаму варта адзначаць Дзень Волі.
Кажуць гарадзенцы пра дазволеную ўладамі акцыю:
– Вельмі станоўча стаўлюся. Вельмі цешуся, што зацікаўленыя змогуць адзначыць свята Дзень Волі.
– Вельмі задаволеныя, што гэта традыцыя аднаўляецца. Спадзяюся, што захаваецца і кожны год мы будзем адзначаць яго, што не будзе ў нас праблемы з дазволамі.
– Асабіста для мяне канцэрт вельмі добры фармат таму, што такім чынам арганізатары паказваюць, што не варта баяцца, што гэта ніякая не палітычная акцыя, што вас не паб’юць і не пасадзяць на суткі.
У многіх гарадах Беларусі заяўнікам не дазволена праводзіць адкрытыя мерапрыемствы. Людзі звязваюць адмовы на месцах з апартунізмам чыноўнікаў.
У Гародні мерапрыемства будзе з выязным гандлем, канцэртам ды забавамі. Мерапрыемства пройдзе ў Каложскім парку ад 13-й да 17-й гадзіны 23-га сакавіка ў суботу.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
Працягваецца збор сродкаў на Свята Незалежнасці ў Гародні
Збор сродкаў на дазволеную святочную акцыю ў Каложскім парку Гародні працягваецца. Патрэбна значная сума на пакрыццё разнастайных выдаткаў, якія ніколі на дазволеных акцыях не аплочваліся з бюджэту краіны.
Хоць міліцыя, медыцына, камунальнікі, электрасеткі існуюць за кошт падаткаплацельшчыкаў. Але новыя правілы вымагаюць дадатковых выдаткаў ад арганізатараў Дня Волі ў Гародні. Кажа Сяргей Верамеенка, уласнік крамы „Адметнасьць”, якая стала адной з пляцовак па зборы ахвяраванняў.
– Людзі прыносяць грошыкі: хто капейчыну, хто рубельчык, а хто і больш. Так што паціху збіраем. Я вельмі рады, што людзі неабыякавыя. І наш слоік паціху напаўняецца. У гэтым годзе, згодна з новымі правіламі, мы вымушаныя аплочваць і так бясплатную міліцыю. Ну што рабіць? Таму, хочам мы ці не хочам, сродкі нам трэба назбіраць. Актывісты нашага грамадскага аргкамітэта будуць з намі падыходзіць да людзей і збіраць грошы ў скрыню.
Акрамя крамы „Адметнасьць”, сродкі для пакрыцця выдаткаў на святкаванне Дня Волі людзі могуць у этна-краме „Цудоўня” і „Цэнтры гарадскога жыцця”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
„Дзецюкі” прымуць удзел у канцэрце на Дзень Волі ў Гародні
„Дзень Волі” сёлета ў Гародні будзе адзначаны насычаным канцэртным мерапрыемствам у Каложскім парку з 13-ай да 17-ай гадзіны 23-га сакавіка, у суботу.
Сярод музыкаў, якія выступяць, будзе гурт „Дзецюкі”. Як сказаў Алесь Дзянісаў, саліст гурта, часу на выступ даецца няшмат, каля 30 хвілінаў. Але паабяцаў, што песьні будуць адпавядаць настрою „Дня Волі”.
– Хацелася б, каб гэтае свята перастала набываць апазіцыйную афарбоўку. Хацелася б убачыць на гэтым свяце ўсіх, нават тых, каму “па барабане”. Каб людзі прыйшлі і ўбачылі, што гэта сапраўды трэба святкаваць, што мы – беларусы. Каб гэта набыло сэнс аб’яднання ўсіх.
Сярод музычных гуртоў, апрача „Дзецюкоў”, маюць выступіць „Крама”, „Дай Дарогу”, а таксама Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
23 сакавіка 2019 года ў Гародні, у Каложскім парку, адбудзецца вялікі канцэрт і свята, прысвечанае 101-ым угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра адметнасці свята распавядае сябра грамадскага аргкамітэта святкавання Андрэй Несцяровіч:
– У праграме 23 сакавіка – свята. Так было задумана і так будзе. Гэта даволі класны open air з зоркамі беларускай рок-сцэны: «Дай дарогу!», Вайцюшкевіч, «Крама», Вольскі і нашы гарадзенскія «Дзецюкі». Гэта гульнявыя пляцоўкі, фуд-корт, які сёлета будзе дастаткова шырокі, бо, апрача гарадзенцаў, сюды едуць госці з іншых гарадоў.
На думку Андрэя Несцяровіча, на свяце Дня Волі таксама будзе арганізаваны даволі цікавы кірмаш народных вырабаў.
– Гэта, як любое свята ці любы фестываль, кірмаш. Я спадзяюся, што ён будзе дастаткова вялікі, бо шмат каму цікава. Прыедуць майстры з розных гарадоў, будуць сувенірныя крамы. Таму будзе што забраць з сабой, акрамя ўражанняў.
Таксама чакаецца, што на свяце ў гарадзенскім Каложскім парку будзе “алея палітычных партый”, куды абяцаюць прыехаць з Менска лідары розных палітычных партый і грамадскіх арганізацый.
* * *
На святкаванне 101-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў Гародні распачаўся збор сродкаў для аплаты паслугаў камунальнікаў і міліцыі. Пра магчымасці збору сродкаў распавядае намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
– Пачынаем збор сродкаў для арганізацыі мерапрыемства, бо ўсё каштуе грошай. Апублікаваны прамыя спасылкі і магчымасці, як можна далучыцца. Фізічныя магчымасці: можна будзе ахвяраваць любыя сродкі ў крамах «Адметнасць», «Цудоўня». Будуць кантакты людзей, якія могуць у любы час пад’ехаць і дамовіцца, як зручней перадаць гэтыя сродкі. Будуць электронныя варыянты пераводу плацяжу.
Вадзім Саранчукоў падкрэслівае, што грошы на свята можна таксама ахвяраваць:
-
пералічыўшы любую суму на картку: 5351 0410 1711 9981, дзейсная да 01\21, уладальнік VADZIM SARANCHUKOU;
-
звязаўшыся па электроннай пошце [email protected] – мы знойдзем зручны спосаб;
-
праз збор сродкаў на сайце https://bnr.by/, унізе старонкі есць кнопкі.
Грамадскі камітэт па святкаванні Дня Волі атрымаў дазвол на правядзенне свята ў Каложскім парку святочнага мітынгу і канцэрта. Пра запланаванае мерапрыемства распавядае кіраўнік партыі БНФ па Гарадзеншчыне Вадзім Саранчукоў:
– Запланавана, што гэта будзе вялікае святкаванне, святочны канцэрт, святочныя выступы. Гэта месца, дзе можна будзе пачаставацца, дзе дзеці змогуць бавіць час. Будзе фотазона. Гэта месца, дзе будзе прыемна сустрэцца ўсім, хто адчувае ў гэты дзень свята.
Па словах Вадзіма Саранчукова, ужо ёсць папярэднія дамовы з некаторымі выступоўцамі:
– Мы запрашаем усіх жадаючых. І чым больш там нас будзе, тым будзе лепш, прыемней і весялей усім нам. Ёсць дамова з Алесем Дзянісавым, з якім мы даўно размаўлялі, і ён не супраць удзелу ў гэтым святкаванні. Засталіся кантакты яшчэ з мінулага года як з кропкамі харчавання, так і з фірмамі, якія арганізоўвалі дзіцячую пляцоўку, з майстрамі, якія прадавалі свае рэчы на месцы святкавання. Таму я абсалютна перакананы, што ў самым лепшым выглядзе ў нас адбудзецца святкаванне.
Ужо цягам бліжэйшых некалькі дзён будзе сфармавана праграма свята. Гародня пакуль адзіны горад у Беларусі, дзе афіцыйна дазволена святкаваць Дзень Волі.
Дазвол атрыманы толькі 18 сакавіка, кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
– Пяць заяўнікаў, якія падпісалі заяўку, бяруць на сябе абявязацельствы заключаць дамовы з міліцыяй і адпаведна арганізоўваць праграму мерапрыемства. На гэтым мерапрыемстве, згодна з адказам гарвыканкама, дазволена выкарыстанне сімволікі зарэгістраванай у дазволеным парадку, а таксама сімволікі, вымпелаў, плакатаў, транспарантаў, якія тычацца тэматыкі мерапрыемства. Я абсалютна перакананы, што ў Гародні 101 гадавіна пройдзе годна. Праграма будзе агучана ў бліжэйшыя дні.
На яго думку, для збора грошаў на аплату камунальнікаў і міліцыі будуць выкарастаныя ўсе магчымасці:
– Будзем выкарыстоўваць розныя магчымасці, пачынаючы ад ахвяраванняў, якія можна зрабіць у крамах „Адметнасць” і „Цудоўня”. Можна выкарыстоўваць тыя спосабы збору, якія выкарыстоўвае менскі аргкамітэт, з якім мы ў кантакце. Будзе пададзены нумар карткі, на якую можна будзе пералічыць грошы.
Прадстаўнікі грамадскага аргкамітэта па святкаванню Дня Волі ў Гародні плануюць ужо цягам бліжэйшых дзен прадставіць праграму выступоўцаў на гэтым свяце.
Беларускае Рады Рацыя, Гародня