У Гародні адбылася сустрэча з юрыстам „Вясны” Паўлам Сапелкам



У Гародні, у „Цэнтры гарадскога жыцця”, прайшла адкрытая сустрэча з вядомым у Беларусі юрыстам, сябрам праваабарончага цэнтра „Вясна” Паўлам Сапелкам.

Гарадзенскай публіцы была прадстаўленая мультымедыйная прэзентацыя яго працы па выяўленні выпадкаў катаванняў і бесчалавечага і прыніжальнага абыходжання з боку дзяржаўных органаў.

На думку правабаронцы Віктара Сазонава, які прысутнічаў на сустрэчы, выпадкі грубага парушэння чалавечых нормаў з боку сілавікоў у дачыненні людзей, якія знаходзяцца за кратамі, – ілюстрацыя ўсёй заганнасці пенітыцыярнай сістэмы ў Беларусі.

– Вельмі важныя такія вось сустрэчы, таму што гэта адзін з элементаў змагання як палепшыць сітуацыю. А палепшыць сітуацыю мы маем мажлівасць пакрокава. У першую чаргу агалошваючы нейкія незаконныя дзеянні сілавых ведамстваў, каб грамадства гэта бачыла, каб грамадства ўплывала на гэта, і ў такі спосаб сітуацыя нейкім чынам выпраўлялася б. Таму што грамадства патрабуе гэтага, патрабуе справядлівасці.

Статыстыкі па катаваннях і жорсткіх абыходжаннях сілавікоў няма. Нават па зваротах грамадзянаў урад не публікуе звесткі. Але, паводле інфармацыі, якую прадаставіла ўлада ў Камітэт Аб’яднаных Нацыяў супраць катаванняў – гэта больш 600 зваротаў грамадзянаў з 2012-га па 2015-ты год, з якіх толькі каля дзесяці, былі расследаваны.

Кажа Павел Сапелка

– Нешматлікія выпадкі прыцягнення службовых асоб сілавых ведамстваў да адказнасці за акты жорсткага бесчалавечага абыходжання, або за катаванні можа быць і падвяргаюцца расследаванню, але, як правіла, гэта расследаванне замяняецца праверкай і на гэтым спыняецца. А тыя рэдкія выпадкі, якія трапляюць у суд, яны робяцца вядомымі хутчэй насуперак палітыцы дзяржавы, чым дзякуючы ёй. Яны робяцца вядомымі выпадкова, калі адбываюцца нейкія „ўцечкі”, пераважна ў незалежныя сродкі масавай інфармацыі.

У Беларусі няма пакуль дзейсных механізмаў, якія маглі б змяніць сітуацыю ў сілавых структурах і ўстановах закрытага тыпу. Як не існуе ў Беларусі і адмысловых аддзелаў, якія былі б па-над сілавікамі і кантралявалі законнасць іх дзеянняў у стасунках з грамадзянамі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара