У Гародні адбылася вечарына з нагоды 100-годдзя БНР



У Гародні прайшла вечарына, прысвечаная стагоддзю БНР. Яе арганізатарамі выступілі Таварыства беларускай мовы сумесна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Адметнасцю святкавання сталі сумесныя спевы гімнаў беларусаў  – „Ваяцкага гімну”, „Пагоні”, „Магутнага Божа”.

Мікола Таранда, старшыня клуба „Паходня”, згадаў, як святкаваўся Дзень Волі ў 1989 годзе, а таксама пра свае адведзіны Зоські Верас у Вільні.

Упершыню мы паехалі да Зоські Верас у чэрвені 1986 года. І калі мы запыталі: раскажыце пра Менск. Яна нічога не адказала. Затым мне напісала: думаеце я не чула, не ведала, пра што вы пытаецеся. Але пра гэта яшчэ гаварыць нельга. Прыязджайце адзін, я вам усё раскажу і пакажу. Яна паказвала ўсе дакументы, фотаздымкі, якія захоўвала праз усё сваё жыццё.

На імпрэзе апрача музыкаў і паэтаў былі выступы гарадзенскіх навукоўцаў, якія распавялі прысутным пра цяжкі і светлы шлях абвяшчэння БНР.

Аляксей Пяткевіч, старшыня гарадзенскай Рады ТБМ:

– Каб прыняць Трэцюю Устаноўчую грамату, якая павінна была нарэшце прыйсці да канкрэтнага выніку, збіраецца пашыраная Рада. Чалавек больш за 100. Ад земстваў, ад розных саюзаў, ад розных арганізацыяў. З Вільні прыязджаюць вядомыя палітыкі на чале з Антон Луцкевічам.

Абласная Рада ТБМ падзякавала адмысловымі лістамі і падарункамі рупліўцаў Беларускай мовы і культуры з нагоды стагоддзя БНР, а таксама Саюз беларускіх пісьменнікаў уручыў некаторым выступоўцам новы гарадзенскі літаратурны альманах „Новы Замак”.

Ужо 24-га сакавіка гарадзенцы а 18-00 гадзіне будуць пісаць агульнанацыянальную дыктоўку. Дыктоўка будзе наладжана ў зале 100 па вуліцы Будзёнага 48А.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара