У Гародні адкрыецца начны клуб на 800 чалавек
Былы ўладальнік папулярнага клуба “Тайм Аўт” збіраецца адкрыць новую ўстанову. Клуб “Афрыка” можа пачаць працу на вуліцы Курчатава ў канцы года.
Размесціцца клуб на вуліцы Курчатава, 1, па суседстве з будынкам Белкарда. Інтэр’ер плануецца выканаць у яркіх трапічных колерах. Госці змогуць замовіць кальян і паліць яго на месцы, як было ў Alpha Centauri, што зачынілася гэтай восенню. Клуб зойме больш за 1000 кв.м.
Заснавальнік “Афрыкі” Андрэй Бадак раней быў уладальнікам клуба “Тайм Аўт”. “Я ўжо не маю да яго дачынення пасля таго, як гасцініцу [“Гродна”, дзе знаходзіцца клуб] выставілі на аўкцыён”, – патлумачыў бізнесмен.
Паводле яго слоў, самае складанае з новай установай яшчэ наперадзе: “Зараз многае залежыць ад нашых уладаў. Усё будзе, калі яны дадуць станоўчы адказ [наконт памяшкання]”.
Першая публічная інфармацыя пра клуб з’явілася ў сацыяльнай сетцы Вконтакте ў групе “Моладзь культурнай сталіцы”. Каардынатар групы Дзмітрый Марозаў распавёў:
– Я лічу, што гораду неабходны новы начны клуб. Праведзенае ў нашай групе апытанне гэта пацвердзіла.
У сацсетцы ўжо з’явілася і афіцыйная група “Афрыкі”, у якой актыўна набіраюць персанал: бармэнаў, афіцыянтаў, адміністратараў, кухараў, дыджэяў, святлатэхнікаў, танцорак і іншых.
Клуб “Тайм Аўт» (у народзе “Парламент”) працуе ў памяшканні рэстарана гасцініцы “Гродна”. Гасцініцу, якая належыць гарадской камунальнай гаспадарцы, ужо некалькі разоў выстаўлялі на аўкцыён. На наступным аўкцыёне, які запланаваны на 26 кастрычніка, яе могуць выкупіць інвестары з Кітая. Плошчы гасцініцы і рэстарана здаюцца ў арэнду да моманту продажу.