У Гародні адкрыліся курсы па назіранні за птушкамі для пажылых людзей



У Гародні праводзяцца курсы па назіранні за птушкамі для людзей сталага ўзросту.

У праграме Універсітэта Залатога Веку жадаючыя могуць навучыцца распазнаваць да ста відаў птушак. Першыя заняткі паказалі, як мала людзі ведаюць пра птушак, кажуць удзельнікі курсаў:

– Вакол нас шмат птушак, я не ўяўляла, што іх так шмат. Растуць унукі, таму трэба, каб бабуля магла нешта ім перадаць. Унук ці ўнучка запытае, а я не буду ведаць, што адказаць.

– Гэты накірунак з птушкамі зацікавіў мяне таму, што я дачка ляснічага, але ведаю толькі асноўных птушак. У нас усё залежыць ад выкладчыка.  

Выкладчыкам курсаў „Асновы назірання за птушкамі” з’яўляецца Зміцер Вінчэўскі, кандыдат біялагічных навук, рэдактар сайта „Птушкі штодня”. Ідэя арганізаваць курсы для людзей сталага ўзросту саспела даўно, але ажыццявіць яе ўдалося толькі сёлета. На курс ужо запісалася 26 чалавек, кажа Зміцер Вінчэўскі:

– Пачаць назіранні не вельмі проста, як аказалася, як мы думалі раней. У Беларусі 333 віды, многія віды падобныя, многія віды параўнальна рэдкія, але хапае і тых відаў, на якіх мы будзем пачынаць вучыцца вызначаць птушак. Першыя сто самых звычайных відаў, напрацягу адзінаццаці наступных заняткаў мы будзем вычыцца іх вызначаць, потым будзем ездзіць на прыроду на экскурсію, умацоўваць гэтыя веды пра міжвідавыя адрозненні. Людзям гэта цікава, людзям будзе карысна, не толькі для падтрымання здароўя, але і каб жыць поўным жыццём.

Карысць для здароўя чалавека ад назірання за птушкамі выявілі на шатландскіх выспах, там лекары пачалі выпісваць людзям, якія маюць праблемы з нервамі, хваробы сэрца ды іншае – рэгулярныя назіранні за птушкамі ды шпацыры на прыродзе, як тэрапію.

 

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня