У Гародні адмененыя ўсе дыскатэкі і паленне кальянаў
Меры перасцярогі ад распаўсюду вірусу COVID -19 павялічваюцца. У Гародні адмененыя ўсе дыскатэкі і паленне кальянаў. У той жа час, паводле афіцыйных дадзеных, у Гарадзенскай вобласці пацверджаны чатыры выпадкі заражэння.
Кажа наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі:
– Як паведаміў Гарадзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, з мэтай мінімізацыі рызыкі ўзнікнення распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай COVID -19, на тэрыторыі Гародні ўведзеныя дзве забароны – прыпыніць дзейнасць дыскатэк у начных клубах ды іншых аналагічных аб’ектах, а таксама забараніць паленне кальянаў у аб’ектах грамадскага харчавання, у рэстарацыях, барах, кавярнях і іншых. Гэтыя забароны ўведзеныя без тэрміну даўніны аж да асаблівага распараджэння галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Гародні. Таксама цэнтрам рэкамендавана прымаць пэўныя меры па прафілактыцы ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыі COVID -19 і інфармаваць Гарадзенскі занальны цэнтр.
Паводле інфармацыі БЕЛТА, у сувязі з вірусам, абласныя ўлады таксама знізілі арэндную плату для турыстычных фірмаў, якія арыентаваныя на ўязны турызм. Рашэнне дзейнічае з першага красавіка. Але пакуль невядома, ці далучаць да гэтага спісу іншыя суб’екты гаспадарання, якія стваралі турыстычную інфраструктуру Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня