У Гародні адмянілі канцэрт трубадура “рускага свету”



У Гарадзенскім драматычным тэатры планаваўся канцэрт Аляксея Нежаўца – спевака, які ездзіць па ДНР і ЛНР і прапагандуе “рускі свет”.

Дзякуючы пазіцыі рэдактара беларускай службы сайта informnapalm.org Дзяніса Івашына было надрукавана расследаванне пра асобу гэтага барда і канцэрт быў адменены.

– Гэтая інфармацыя была разасланая ва ўсе органы дзяржаўнага кіравання па ідэалогіі, культуры і справах моладзі, у Гарадзенскія аблвыканкам і гарвыканкам, непасрэдна сувязь падтрымлівалася і з Гарадзенскім драмтэатрам. Зразумела, што непасрэдна ў расследаванні была пададзена інфармацыя, каб людзі праяўлялі сваю грамадзянскую пазіцыю і звярталіся ва ўсе вышэй пералічаныя органы. І я лічу, што менавіта вось гэтая цвёрдая грамадзянская пазіцыя спрычынілася да скасавання канцэрта.

Дзяніс Івашын збіраецца надалей сачыць за выступамі Аляксея Нежаўца па гарадах Беларусі.

– Да мяне ўжо паступіла інфармацыя, што ў красавіку ўжо запланаваны ягоны канцэрт на Полаччыне. Мы будзем за гэтай інфармацыяй сачыць. І зразумела, што я заклікаю мясцовых актывістаў з Полаччыны таксама праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю і рабілі ўсе захады, каб канцэртную дзейнасць гэтага барда спыніць.

Па словах Дзяніса Івашына, яго дзейнасць як журналіста будзе і далей распаўсюджвацца на тое, каб прыпыніць у Беларусі дзейнасць падобных трубадураў «рускага свету».

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня