У Гародні аднавіў працу беларускі кніжны клуб
Аматары беларускай літаратуры, якія хочуць яе абмеркаваць з іншымі, ужо некалькі гадоў збіраюцца ў розных месцах Гародні. У гэтым сезоне Цэнтр гарадскога жыцця прадаставіў магчымасць сябрам клуба сустракацца кожныя два тыдні. Гэта сустрэча была прымеркавана абмеркаванню аповесці Вацлава Ластоўкага „Лабірынты”.
Кажа кіраўнік клуба Валеры Маскевіч:
– Нам параілі, расказалі, што такі аналаг ёсць ужо ў Менску. Там гэта пачалося дзесьці 3-4 гады таму. Там таксама збіраецца чалавек 30 і пачынаюць абмяркоўваць нейкую кніжку на беларускай мове. І людзі атрымліваюць задавальненне ад гэтага, спасцігаюць нейкія новыя думкі, узбагачаюцца больш унутрана. Гэта вельмі добра. І зараз у Гародні такі клуб адчыніў свае дзверы.
Аповесць „Лабірынты” выклікала дыскусію пра яе місію, значэнні для чытача-беларуса. Бо аповесць была напісана як фэнтэзійная каля 90 гадоў таму, у час, калі мала было вядома пра сапраўдную гісторыю Беларусі. Сваё слова дадаў гарадзенскі пісьменнік, які піша гістарычную прозу, Аркадзь Жукоўскі:
– Шукайце, чытайце, але не будзьце абыякавымі да гэтага. Лічыце, што прачытаўшы гэтую кніжачку, ужо ўсё ў парадку. Гэтую кніжку трэба ўспрымаць, як маланку. Трэба чытаць мастацкую літаратуру сучасных аўтараў. Бо цяперашнія мелі і ведалі ў дзясяткі разоў больш, чым Ластоўскі. Безумоўна, не толькі гледзячы на яго адукацыю, дзе ён жыў, чым займаўся і таму, што яму турма пагражала.
Наступная сустрэча беларускага кніжнага клуба будзе прымеркавана абмеркаванню кніжкі Віктара Сазонава „Нататкі кантрабандыста”. Сустрэча пройдзе 18-га кастрычніка а 18:30 у Цэнтры гарадскога жыцця.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара