У Гародні аднавіўся працэс над Ігарам Банцэрам (абноўлена)
У Гародні адбываецца працэс над музыкам і актывістам Ігарам Банцэрам. Банцэр трымае ўжо 10-я суткі сухую галадоўку, схуднеў амаль на 10 кілаграмаў.
На суд да Банцэра сёня прыйшло амаль паўсотні гарадзенцаў, якія лічаць працэс палітычным:
– Мы ўсе абураныя. Няма слоў! Чалавека сапраўды забіваюць.
– Калі бачна, што чалавек ідзе да канца, то калі б улады былі нармальныя, яны б маглі зразумець сітуацыю. Не ведаю, вазьміце асудзіце яго, а гэтая сітуацыя знаходзіцца ў падвешаным стане. Сведка, які не прыходзіць. Чаму яго не прыцягваюць да адказнасці за непавагу да суда? Чаму яго проста не прывязуць, каб дапрасіць?
– Гэта справа палітычная. Калі сведка не з’яўляецца другі або трэці раз, то зразумела, калі б гэта быў звычайны чалавек, яго б ужо даўно знайшлі і прымусілі. Мы ўсе разумеем, для чаго гэта робіцца. І маем надзею, што Банцэр вытрымае. Як ён сказаў: “Да пянядзелка датрываю, а далей – не ведаю…”
У працэсе з-за неяўкі сведкі – міліцыянта аб’яўлены перапынак да 18-га сакавіка. Ігар Банцэр выгукнуў на судзе, што можа фізічна не дажыць да гэтага паседжання. Знаёмыя, што прыйшлі на суд над Ігарам, мяркуюць, што музыка можа не дажыць да наступнага чацьвярга.
* * *
Гарадзенскі музыкант Ігар Банцэр па стане на 12 сакавіка трымае сухую галадоўку ўжо дзясяты дзень у знак пратэсту супраць сваёй крымінальнай справы і палітычных падзей у краіне.
За 4,5 месяца зняволення Банцэр амаль увесь час сядзеў у адзіночнай камеры і некалькі разоў у карцары; таксама яго высылалі на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі, якая паказала, што ён здаровы. Сёння было чарговае судовае пасяджэнне – з Гародні перадае наш карэспандэнт:
– У судзе Ленінскага раёна Гародні аб’яўлены перапынак да 18 сакавіка. Суддзя Наталля Козел папрасіла, каб на суд быў выкліканы сведка – міліцыянт, які бачыў, як перад міліцэйскай машынай танцаваў Ігар Банцэр. Падчас працэсу не было задаволена хадайніцтва Банцэра аб змене меры ўтрымання пад вартай.
Банцэра судзяць за тое, што нібыта дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазіцыя Банцэра наступная: гэта быў перформанс з танцам, падчас якога ён зняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а спераду яго прыкрывала паясная торбачка. Пацярпелы міліцыянт ня мае прэтэнзій да Банцэра, якому пагражае да трох гадоў калоніі. Ён знаходзіцца пад вартай з 20 кастрычніка мінулага году. З трэцяга сакавіка ён трымае сухую галадоўку.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
* * *
Пачатку пасяджэння чакалі 25 хвілін. Потым суддзя Козел зачытала хадайніцтва Банцэра пра вызваленне з-пад варты. І абвясціла перапынак на 20 хвілін.
Ігар Банцэр, нягледзячы на сухую галадоўку, на нагах. Цэлы час стаіць і трымае ўгару рукі ў кайданках.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча