У Гародні навучанне па-беларуску набывае папулярнасць



Пазітыўныя вынікі першага тыдня навучальнага года для беларускай адукацыі ў Гародні. Стала вядома, што сёлета пачалі навучанне па-беларуску два першыя класы: у 34-ай і 32-ой школах. Пра гэта сказаў падчас паседжання абласной рады ТБМ імя Францішка Скарыны намеснік старшыні арганізацыі Алесь Крой.

– Я вельмі прыемна здзіўлены, бо яшчэ дзесьці ў ліпені ішла гаворка з адміністрацыяй школы №34, там была толькі адна заява на беларускую мову ў першы клас. І калі даведаліся на пачатку верасня, што там адкрыты беларускі клас з шасці чалавек, то гэта была вельмі прыемная і вялікая неспадзяванка, што за жнівень фактычна было пададзена столькі заяў.

Агулам у школах Гародні па-беларуску навучаецца больш за 60 дзяцей. У гімназіі нумар сем, дзе навучаўся толькі адзін вучань, – папаўненне. Кажа бацька гімназіста сёмага класа Яна – Алесь Астроўскі:

– Асноўныя прадметы ідуць на беларускай мове. Але па дамоўленасці, каб не ствараліся вялікія праблемы для адміністрацыі школы, мы пагаджаемся, каб наш сын вучыўся разам са сваім класам, але па менш важных прадметах: фізічная культура, спевы, танцы, праца. Натуральна, у яго з’явіліся сябры. І ў гэтым годзе высветлілася, што адзін з яго сяброў і натуральна яго бацькі захацелі, каб той вучыўся разам з Янкам. Таму з гэтага года ў сёмым класе сёмай гімназіі яны вучацца ўдвох.

Агулам, разам з дзецьмі, якія праходзяць дашкольнае выхаванне па-беларуску, сёлета ў Гародні пазнаюць навуку каля сотні дзяцей.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня