У Гародні адзначаць Дзень памяці ахвяр Халакосту
27-га студзеня адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Халакосту і нацыянал-сацыялізму. У Гародні ў гэты дзень увечары пройдзе ўрачыстае памінальнае мерапрыемства.
Асноўным месцам правядзення мерапрыемства будзе Харальная сінагога. Пачнецца яно з мітынгу, а працягнецца канцэртам, а таксама іншымі акцыямі. Кажа Яўген Калодзін, дырэктар асацыяцыі юдэя-хрысціянскага дыялогу „Шомер Інтэрнэшэнал”.
– Тут, у харальнай сінагозе, пройдзе мітынг з удзелам рабіна грамады, фрык-тэатра “Гексаген”, высокіх гасцей. Будзе добры канцэрт з удзелам аркестру «Nota Band» пад кіраўніцтвам Генадзя Левіна. Таксама будуць агалошвацца святовыя акцыі для падтрымання гэтай памяці. Адна з іх “Мы памятаем”, добра вядомая, і ў гэтым годзе будзе новая акцыя – “Спынім гэтую гісторыю”.
Арганізатарамі шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных Дню памяці ахвяраў Халакосту і нацыянал-сацыялізму, выступаюць юдэйская рэлігійная грамада, а таксама грамадскі габрэйскі дом „Мінора”. Пачатак мерапрыемства а 19-00 гадзіне ў Харальнай сінагозе. Акцыі накіраваны на тое, каб беларускае грамадства было добра праінфармавана пра падзеі 75-гадовай даўніны. Уваход вольны.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня